Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Золатавалютныя рэзэрвы Беларусі зьменшыліся амаль на паўмільярда даляраў


Залатыя зьліткі, ілюстрацыйнае фота

Міжнародныя рэзэрвовыя актывы Беларусі на 1 ліпеня, паводле папярэдніх зьвестак, склалі 6,83 млрд даляраў.

Згодна са статыстыкай на пачатак 2018 году, гэтыя аб’ёмы перавышалі 7,31 млрд даляраў. Такім чынам, за 6 месяцаў рэзэрвы зьменшыліся амаль на паўмільярда даляраў (483,9 млн).

Як адзначаецца на сайце Нацыянальнага банку Беларусі, зьніжэньне ўзроўню міжнародных рэзэрвовых актываў абумоўлена плянавым пагашэньнем урадам зьнешніх і ўнутраных абавязаньняў у замежнай валюце на агульную суму блізу 424 млн даляраў, а таксама зьніжэньнем кошту золата.

Згодна з «Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі», ухваленай урадам, аб’ём міжнародных рэзэрвовых актываў на 1 студзеня 2019 году з улікам пагашэньня ўнутраных і зьнешніх абавязаньняў у замежнай валюце павінен скласьці ня меней за 6 млрд даляраў.

Як паведамляла Свабода са спасылкай на Міністэрства фінансаў, дзяржаўны доўг Беларусі на 1 чэрвеня склаў 42,5 млрд рублёў (больш за 20 млрд даляраў) і павялічыўся ў параўнаньні з пачаткам 2018 году на 292,5 млн рублёў (на 0,7%).

Згодна зь фінансавымі абавязаньнямі ўраду цягам 2019–2025 гадоў Беларусь павінна накіраваць на абслугоўваньне і пагашэньне зьнешняга і ўнутранага дзяржаўнага доўгу 23,46 млрд даляраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG