Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэччына праз два гады пасьля спробы перавароту адмяняе рэжым надзвычайнага становішча


Рэджэп Эрдаган

Улады Турэчыны 9 ліпеня адменяць рэжым надзвычайнага становішча, які быў уведзены пасьля спробы дзяржаўнага перавароту ў ліпені 2016 году.

Пра гэта ў інтэрвію дзяржаўнаму агенцтву «Анадолу» расказаў прэм’ер-міністар краіны Біналі Йылдырым.

«У панядзелак будзе анансаваны новы склад ураду і будзе адменены рэжым надзвычайнага становішча» — распавёў кіраўнік ураду краіны.

Пра гэта ж заяўляў прэзыдэнт краіны Рэджэп Эрдаган падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі. Надзвычайнае становішча ўвялі ў краіне пасьля спробы вайсковага перавароту летам 2016 году. Першапачаткова яго ўвялі на тры месяцы, але пазьней працягнулі на нявызначаны тэрмін.

З-за гэтага ў турэцкіх уладаў зьявілася магчымасьць арыштоўваць людзей і трымаць іх месяц у турме без прадʼяўленьня абвінавачваньняў. Пазьней Турэччына прыпыніла дзеяньне Эўрапейскай канвэнцыі па правах чалавека, каб мець магчымасьць «хутка адказваць на дзеяньні разнастайных тэрарыстычных арганізацыяў».

За гэты час улады Турэччыны анулявалі пашпарты амаль 11 тысяч чалавек, яшчэ тысячы журналістаў, выкладчыкаў і вайскоўцаў былі арыштаваныя або засуджаныя на турэмнае зьняволеньне нібыта за датычнасьць да спробы дзяржаўнага перавароту ў краіне. Таксама ўлады закрылі некалькі тысяч школ і дабрачынных арганізацыяў паводле падазрэньня ў сувязях зь мяцежнікамі.

Пасьля спробы перавароту Эрдаган пагражаў вярнуць сьмяротнае пакараньне, але кіраўніцтва Эўразьвязу выставіла Турэччыне ўльтыматум — калі пакараньне будзе ўведзенае, перамовы аб уступленьні краіны ў ЭЗ неадкладна спыняцца. Далей пагрозаў турэцкія ўлады не пайшлі.

Некалькі эўрапейскіх краінаў выказалі засьцярогі, што Эрдаган пры дапамозе рэжыму надзвычайнага становішча кансалідуе ў сваіх руках яшчэ большую ўладу. Аднак турэцкія ўлады запэўнілі, што простых грамадзянаў рэжым надзвычайнага становішча ніяк не закранае.


Няўдалы пераварот у Турэччыне як «падпал рэйхстагу»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG