Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр Клёд Лянзман, аўтар аднаго з самых знакамітых дакумэнтальных фільмаў пра Галакост

Клёд Лянзман. Архіўнае фота
Клёд Лянзман. Архіўнае фота

У Францыі ва ўзросьце 92-х гадоў памёр рэжысэр і пісьменьнік Клёд Лянзман, аўтар аднаго з самых знакамітых дакумэнтальных фільмаў пра Галакост — «Шоа» («Катастрофа»).

Клёд Лянзман зьвязаны каранямі зь Беларусьсю. Ягоныя габрэйскія продкі па бацькоўскай лініі эмігравалі ў Францыю на пачатку 20 стагодзьдзя зь Вілейкі, па мацярынскай лініі - з Кішынэву. У гады Другой сусьветнай вайны ён быў удзельнікам Руху супраціву. У наступныя дзесяцігодзьдзі быў публіцыстам і выкладчыкам філязофіі, а ў 70-я гады заняўся дакумэнтальным кіно.

Фільм «Шоа» ён здымаў больш за 10 гадоў, на экраны ён выйшаў у 1985 годзе і атрымаў сусьветную вядомасьць. Фільм ідзе амаль дзевяць гадзін і складаецца зь сьведчаньняў людзей, якія перажылі Галакост, а таксама былых нацыстаў. Тэме Галакосту прысьвечаны і шэраг наступных яго фільмаў — пра нацысцкія лягеры сьмерці. Лянзман працягваў здымаць кіно да апошніх гадоў, летась ён прадставіў на канскім кінафэстывалі фільм «Напалм».

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG