Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страйк «Вікіпэдыі»: партал прыпыніў працу на некалькіх эўрапейскіх мовах


Гэта своеасаблівая акцыя пратэсту. Такім чынам партал хоча прыцягнуць увагу эўрапейцаў да намечанага ў Эўрапарлямэнце галасаваньня па дырэктыве аб аўтарскім праве ў інтэрнэце, паведамляе Deutsche Welle.

Партал «Вікіпэдыя» 4 ліпеня на знак пратэсту прыпыніў працу як мінімум на пяці эўрапейскіх мовах. Для карыстальнікаў сталі недаступныя італьянская, гішпанская, латыская, эстонская і польская вэрсіі парталу. Такім чынам адкрытая інтэрнэт-энцыкляпэдыя хоча прыцягнуць увагу эўрапейцаў да намечанага на 5 ліпеня галасаваньня па дырэктыве аб аўтарскім праве ў інтэрнэце.

Карыстальнікі, якія заходзяць на адпаведныя моўныя сэгмэнты парталу «Вікіпэдыі» сутыкаюцца з паведамленьнем, у якім, у прыватнасьці, адзначаецца:

«Замест таго, каб абнавіць законы аб аўтарскіх правах у Эўропе і спрыяць ўдзелу ўсіх грамадзян у інфармацыйным грамадзтве, дырэктыва прадугледжвае адваротнае — ставіць пад пагрозу свабоду зносін онлайн і абмяжоўвае доступ да інтэрнэту, ствараючы новыя перашкоды і фільтры».

Аўтары звароту сьцьвярджаюць, што прыняцьце закону ў яго цяперашняй форме можа істотна ўскладніць абмен навінамі ў сацыяльных сетках або доступ да іх праз пошукавыя сыстэмы. «Пад пагрозай апынецца таксама сама „Вікіпэдыя“», — гаворыцца ў дакумэнце.

Як зазначае спэцыялізаванае выданьне TechCrunch, найбольшыя пытаньні выклікаюць артыкулы 11 і 13 дырэктывы. Першы абавязвае навінавыя агрэгатары ўводзіць «падатак на спасылкі», гэта значыць аплочваць капіяваньне фрагмэнтаў журналісцкіх матэрыялаў. Други надзяляе інтэрнэт-плятформы адказнасьцю за парушэньне аўтарскіх правоў іх карыстальнікамі.

На думку экспэртаў, гэта немінуча падштурхне сайты да папярэдняй фільтрацыі ўсяго загружанага кантэнту. Як сьцьвярджаюць крытыкі, праверыць кожную публікацыю на захаваньне аўтарскіх правоў фізычна нерэальна, а ўкараненьне аўтаматызаванай сыстэмы праверкі — працяглы і дарагі працэс. Тым больш што падобныя сыстэмы не застрахаваныя ад памылак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG