Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч пакінуў судовую залю і вярнуўся ў турму. Яго аштрафавалі завочна

абноўлена

Мікалай Статкевіч перад будынкам суду
Мікалай Статкевіч перад будынкам суду

Ахова суду не перашкодзіла падсуднаму Статкевічу сысьці з судовага пасяджэньня. Статкевіч папрасіў канвой, каб яго адвезьлі ў турму даседжваць 10 сутак, якімі ён быў пакараны за адну зь несанкцыянаваных акцыяў.

Суд пакараў Статкевіча штрафам у 40 базавых велічынь (980 рублёў).

Калі затрыманага 3 ліпеня Міколу Статкевіча прывезьлі з ізалятару ў судовую залю, ён голасна сказаў, што ня будзе ўдзельнічаць у такім спэктаклі, калі яго зьбіраюцца судзіць за тое, што ён меў намер ускласьці кветкі да помніка.

«Ганьба! Я не жадаю ўдзельнічаць у гэтым ганебным відовішчы! Гэта цырк! Ганьба краіне, у якой судзяць за тое, што я хацеў ускласьці кветкі да помніка!» — заявіў Статкевіч і выйшаў з залі.

У калідоры і судзьдзя Юры Гарбатоўскі, і адвакат Аляксандар Галіеў спрабавалі ўгаварыць Статкевіча вярнуцца ў залю, але безвынікова. Статкевіч яшчэ раз эмацыйна сказаў, што першае, што ён зробіць, адбыўшы пакараньне, — прыйдзе на бульвар Талбухіна і ўскладзе кветкі да помніка.​

Судовае паседжаньне прадоўжылася без абвінавачанага. Судзьдзя зачытаў, што Статкевіч абвінавачваецца ў закліках да правядзеньня несанкцыянаванай акцыі: 21 чэрвеня ён разьмясьціў у сацыяльных сетках абвестку з запрашэньнем прыходзіць 3 ліпеня а 13 гадзіне на бульвар Талбухіна ў Менску на Акцыю вызваленьня і салідарнасьці, якую праводзіць Беларускі нацыянальны кангрэс, а таксама ўскласьці кветкі да помніка.

Адвакат Аляксандар Галіеў выступіў з хадайніцтвам, каб у якасьці сьведкі прыцягнулі маёра Яськевіча, які складаў пратакол, але судзьдзя адмовіў.

Тады абаронца Статкевіча выклаў яшчэ некалькі аргумэнтаў, што няма ніводнага доказу віны асобы, якую прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасьці, няма належным чынам прыкладзенага да справы пратаколу, ёсьць разыходжаньні ў часе: маўляў, Статкевіч выставіў пост у сацыяльных сетках раніцай 21 чэрвеня, а ў прыкладзенай копіі пазначаны вечаровы час.

3 ліпеня на бульвары Талбухіна былі затрыманыя каля 30 чалавек. Яны прыйшлі на «Акцыю вызваленьня і салідарнасьці», якую ініцыяваў апазыцыйны палітык Мікалай Статкевіч і якая мелася пачацца ў 13.00.

Статкевіч у «Фэйсбуку» заклікаў людзей сабрацца 3 ліпеня ў сквэры на бульвары, каб «выказаць сваю салідарнасьць з пакаленьнем, якое вызваліла сьвет ад улады Гітлера, і з тымі, хто зараз змагаецца за вызваленьне краіны ад улады яго прыхільніка».

Несанкцыянаваная акцыя была спыненая супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным. Мікалая Статкевіча затрымалі прыкладна ў 11.30 на выхадзе з дому.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG