Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве масавыя пратэсты перад Вярхоўным судом


Перад будынкам Вярхоўнага суду на плошчы Красінскіх у Варшаве адбываецца масавая дэманстрацыя супраць абноўленага закону аб Вярхоўным судзе, паведамляе агенцтва РАР. Натоўп скандуе: «Далоў дыктатуру!», «Канстытуцыя, канстытуцыя!», «Свабодныя суды!», «Ганьба!». Дэманстрацыі праводзяцца таксама ў іншых гарадах краіны.

​Новы закон аб Вярхоўным судзе ў Польшчы уступіў у сілу 3 ліпеня. Ён прадугледжвае датэрміновую адстаўку судзьдзяў па дасягненьні імі ўзросту 65 гадоў.

Уступленьне ў сілу новых палажэньняў можа прывесьці да адстаўкі каля 30 дзеючых судзьдзяў Вярхоўнага суду. У штаце судоў застануцца толькі тыя, хто падасьць мэдычную даведку аб стане здароўя і атрымае згоду кіраўніка дзяржавы.

У сувязі з уступленьнем у сілу абноўленага закону старшыня Вярхоўнага суду Польшчы Малгажата Герсдорф сыходзіць у адстаўку. Пра гэта заявіў намесьнік кіраўніка канцылярыі прэзыдэнта Польшчы Павел Муха пасьля сустрэчы прэзыдэнта Анджэя Дуды з Герсдорф.

Малгажата Герсдорф (другая справа)
Малгажата Герсдорф (другая справа)

Муха заявіў на прэс-канфэрэнцыі, што «судзьдзі Вярхоўнага суду, якія не падалі заявы пра жаданьне працягнуць працу, заўтра страцяць свой статус судзьдзі».

«Кіраўнік Вярхоўнага суду Малгажата Герсдорф сярод такіх людзей, таму яна ідзе на пэнсію», — сказаў ён.

Кіраўнічая партыя «Права і справядлівасьць» летам 2017 году правяла ў Польшчы судовую рэформу, якая выклікала шмат крытыкі. Новы закон зьмяніў парадак фармаваньня Вышэйшай рады судзьдзяў. Большасьць судзьдзяў ад гэтага часу пачаў прызначаць парлямэнт і міністар юстыцыі, то бок кіраўнічая палітычная сіла Качыньскага, і гэтыя ж судзьдзі паводле новага закону будуць разглядаць скаргі і спрэчкі падчас будучых выбараў.

2 лiпеня Эўрапейская камісія пачала працэдуру супраць Польшчы ў сувязі з супярэчлівым законам аб Вярхоўным судзе. На думку Эўрапейскай камісіі, афіцыйная Варшава «парушыла эўрапейскія нормы вяршэнства права».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG