Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баварыі абвешчана аб аднаўленьні памежнай паліцыі


Прэм’ер-міністар Баварыі Маркус Содэр (у цэнтры) і міністар унутраных спраў Ёахім Гэрман на адкрыцьці памежнага пункту.
Прэм’ер-міністар Баварыі Маркус Содэр (у цэнтры) і міністар унутраных спраў Ёахім Гэрман на адкрыцьці памежнага пункту.

Прэм’ер-міністар Баварыі Маркус Содэр і міністар унутраных спраў Ёахім Гэрман у панядзелак абвясьцілі аб аднаўленьні памежнай паліцыі ў фэдэральнай зямлі Баварыя.

Кіраўнікі выступілі на цырымоніі адкрыцьця памежнага пункту ў горадзе Пасаў на мяжы з Аўстрыяй і паблізу мяжы з Чэхіяй.

Маркус Содэр назваў тое, што адбываецца, «хвалюючай падзеяй паміж Баварыяй і Бэрлінам». Паводле яго слоў, «Нямеччына — лібэральная краіна, адкрытая сьвету». «І мы хочам карыстацца пладамі усяго добрага, што ідзе ад сьвету», — падкрэсьліў прэм’ер-міністар.

«Аднак калі гэты кантынэнт — у рэшце рэшт — ня здольны ўвасобіць ідэю, якую Эўропа адстойвае, тады ўсё астатняе будзе разбурана само сабой», — падкрэсьліў кіраўнік ўраду Баварыі. Паводле яго слоў, «на карту пастаўлена стабільнасьць усёй дэмакратыі».

Содэр заявіў, што памежная зямельная паліцыя павінна валодаць тымі ж паўнамоцтвамі, якімі валодае і фэдэральная паліцыя, «з якой мы будзем супрацоўнічаць, але мы хочам выконваць гэтыя задачы самастойна, ва ўзаемадапаўняльным суіснаваньні і ў партнэрстве».

Міністар унутраных спраў Ёахім Гэрман падкрэсьліў, выступаючы на цырымоніі, што Баварыя імкнецца быць часткай Эўропы. Але пры гэтым хоча «зрабіць усё, каб гарантаваць максымальна магчымую ступень бясьпекі для людзей у нашай зямлі».

«Гэта адказнасьць зямлі Баварыя», — адзначыў Гэрман. Паводле яго слоў, гаворка не ідзе пра закрыцьцё мяжы, аднак гаворка ідзе пра тое, каб кантраляваць мяжу і ведаць, хто прыяжджае ў Баварыю.

Цырымонія адкрыцьця адбылася ў той час, калі паміж фэдэральным канцлерам ФРН Ангелай Мэркель і міністрам унутраных спраў Нямеччыны Горстам Зэегофэрам, які прадстаўляе Баварыю, абвастрыўся канфлікт у справе палітыкі адносна мігрантаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG