Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі амбудсмэн вылучыла ўльтыматум расейскім уладам


Людміла Дзянісава

Упаўнаважаную ў правах чалавека ў Расеі Тацьцяну Маскалькову ня пусьцяць да зьняволеных ва Ўкраіне да таго часу, пакуль украінскаму амбудсмэну не дадуць доступ да асуджаных украінскіх грамадзянаў. Пра гэта заявіла ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады ў правах чалавека Людміла Дзянісава.

Выступаючы ў Радзе, Дзянісава зноў абвінаваціла Маскву ў зрыве дамоўленасьцяў. Раней расейскія ўлады не дазволілі Дзянісавай сустрэцца са зьняволенымі Раманам Сушчанкам, Станіславам Клыхам і Алегам Сянцовым. Кіеў і праваабаронцы лічаць іх палітвязьнямі.

Украінскі амбудсмэн мае намер абмеркаваць сытуацыю з амбасадарамі Эўразьвязу. Яна прапануе камісару Рады Эўропы ў правах чалавека разам наведаць украінскіх зьняволеных у Расеі.

Раней Маскалькова і Дзянісава ўзгаднілі сьпіс з 34 грамадзянаў, якія знаходзяцца пад вартай на тэрыторыі дзьвюх краінаў, якіх яны маюць намер наведаць да пачатку сёлетняга жніўня. Неўзабаве пасьля гэтага абодва бакі абвінавацілі адзін аднаго ў нежаданьні і няздольнасьці выконваць дамоўленасьці.

Алег Сянцоў, асуджаны ў Расеі на 20 гадоў паводле абвінавачваньня ў падрыхтоўцы тэрактаў у анэксаваным Крыме, 14 траўня абвясьціў бестэрміновую галадоўку. Ён патрабуе вызваліць з расейскіх турмаў усіх украінскіх палітвязьняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG