Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Burger King ловіць беларускіх кліентаў на «карту паляка». Ніхто не спакусіўся


Сетка рэстарацый Burger King у Беларусі абвесьціла акцыю, паводле якой з 30 чэрвеня па 3 ліпеня ўладальнікі «карты паляка» ў Горадні і Берасьці могуць атрымаць зьніжку 25% у іх рэстарацыях на новую страву «Чыкен Фры». У дзьвюх рэстарацыях Burger King у Горадні 2 ліпеня ніводзін чалавек не скарыстаўся зьніжкамі.

Рэклямны слоган акцыі «Курица — птица. Карта пригодится» перагукаецца з даволі зьняважлівым выслоўем савецкага часу: «Курица не птица, Польша не заграница». Маўляў, курыца ня птушка таму што ня лётае, а Польшча такая блізкая да «саўку», што і замежжам ня лічыцца.

У рэстарацыях Burger King Горадні Свабодзе патлумачылі, што акцыю распрацавалі ў цэнтральным офісе ў Менску і папросту спусьцілі ім для выкананьня.

Паводле рэклямы ў сацсетках, яна ськіраваная на тое, каб заахвоціць уладальнікаў «карты паляка» праводзіць выходныя ў сваёй краіне і зьменшыць чэргі на мяжы. У адміністрацыі гарадзенскіх рэстарацый сказалі, што ім невядомы аўтар гэтае ідэі.

Burger King у Горадні
Burger King у Горадні

«Мы таксама былі зьдзіўленыя, калі атрымалі новую рэкляму на маніторах», — кажа ўпраўляючая рэстарацыяй Burger King на вуліцы Савецкай спадарыня Тацяна. — «Не зусім зразумелыя мэты. Нібыта, гэта робіцца дзеля таго, каб у выходныя ўладальнікі „карты палякаў“ заставаліся ў Горадні і не стваралі чэргаў на мяжы. Але якраз у гэтыя чатыры выходныя на беларуска-польскай мяжы найбольшыя чэргі».

Спадарыня Тацяна распавяла, што ніякай рэклямы, акрамя сацсетак, нідзе ў горадзе і ў памяшканьні рэстарацыі не вывешвалі. На маніторы ў залі рэстарана яна зьяўляецца ўсяго на 5 сэкунд.

«Магчыма таму за гэтыя дні ніхто акцыяй так і не скарыстаўся», — падсумоўвае упраўляючая рэстарацыяй спадарыня Тацяна.

Тым часам у сацсетках тэма набірае шырокае абмеркаваньне. Многія карыстальнікі інтэрнэту не хаваюць сваё абурэньне акцыяй Burger King.

Свабода спрабавала зьвязацца з галоўным офісам кампаніі ў Менску, але ў адміністрацыі выходныя. Атрымаць камэнтар не ўдалося.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG