Канстытуцыйны суд ў Аўстрыі дазволіў грамадзянам указваць у афіцыйных дакумэнтах трэці пол. Пра гэта паведамляе агенцтва Associated Press.
Рашэньне было прынятае пасьля разгляду пазову грамадзяніна, які прасіў прызнаць сябе інтэрсэксуалам (чалавекам, які мае прыкметы як мужчынскага, так і жаночага полу).
Пастанову суду падтрымалі апазыцыйныя партыі. Правапапулісцкая Аўстрыйская партыя свабоды, якая ўваходзіць ва ўрадавую кааліцыю, выступіла з крытыкай. У партыі лічаць, што рашэньне выкліча шматлікія праблемы, якія тычацца службы ў войску ці пэнсій.
У канцы мінулага году суд у Нямеччыне заявіў аб неабходнасьці стварэньня ў актах грамадзянскага стану магчымасьці ўказаньня трэцяга полу ці адысьці ад указаньня полу наагул. Мяркуецца, што адпаведны закон будзе прыняты да канца 2018 году.
Нядаўна трэці пол прызналі ў Нідэрляндах.