Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пікет каля Курапатаў адноўлены. Дзяжураць чатыры актывісты «Эўрапейскай Беларусі»


Каля рэстарацыі «Поедем поедим» ў Курапатах аднавілі пікет з патрабаваньнем закрыцьця гэтай установы. Пра гэта Свабодзе паведаміў актывіст «Эўрапескай Беларусі» Леанід Кулакоў.

«З раніцы прайшлі затрыманьні нашых пікетоўцаў, але хоць са спазьненьнем, але пікет мы выставілі. Нас тут чацьвёра. Трымаем вахту. Аўтамабіляў вельмі мала», — распавёў Леанід Кулакоў.

У першай палове 30 чэрвеня ў Менску напярэдадні вахты ў Курапатах былі затрыманыя Павал Севярынец, Вольга Мікалайчык, Дзяніс Урбановіч і Барыс Анікееў. Вядома, што Барыса Анікеева адпусьцілі без складаньня пратакола праз некалькі гадзінаў.

Паўла Севярынца міліцыянты прывезьлі ў Фрунзенскі раённы суд. Працэс над ім, па зьвестках актывістаў, ужо пачаўся. Ягоная маці Тацьцяна Севярынец паведаміла, што на Паўла разглядаюць абвінавачаньне па некалькіх пратаколах, у тым ліку «несанкцыяваная акцыя, дробнае хуліганства і г.д.».

Леанід Кулакоў не выключае, што пасьля ўчорашняга пэрформансу каля рэстарацыі прэтэнзіі да пікетоўцаў выставіла адміністрацыя «Поедем поедим».

«Дырэктар Сьвятлана Дубкова казала, што яны будуць падаваць у суд паводле пашкоджаньня іхняй маёмасьці. Што нібыта запэцкалі браму рэстарацыі чырвонай фарбай, якая не змываецца. Але фарба была звычайнай акварэльлю», — сказаў Леанід Кулакоў.

29 чэрвеня падчас пікету актывісты наклеілі на плот рэстарацыі копіі пратаколаў, што за месяц пікетаваньня былі складзеныя на іх супрацоўнікамі ДАІ. У дадатак на гэтыя паперы пікетоўцы нанесьлі сьляды далоняў у чырвонай фарбе. Такія сьляды пікетоўцы пакінулі на ўязной браме рэстарацыі.

«Гэта напамін пра тое, дзе знаходзіцца рэстарацыя — на месцы расстрэлу тысяч невінаватых людзей», — пракамэнтавала пэрформанс рэжысёр Вольга Мікалайчык.

Дзе цяпер знаходзіцца Вольга Мікалайчык, а таксама актывісты Дзяніс Урбановіч і Барыс Анікееў, пікетоўцам дагэтуль не вядома. Мабільная сувязь з Вольгай Мікалайчык адсутнічае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG