Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмерць на парадзе


Каторы год людзі абураюцца парадам: танкі дратуюць асфальт, не прапусьцілі «хуткую» зь мігалкамі, стварылі заторы на вуліцах… Але ж «мы на фронце», — сказаў галоўнакамандуючы.

Гэта значыць, усё па-сапраўднаму. Ідзе вайна. Калі браць парад з усімі рэпэтыцыямі, дык цягнецца яна не адзін дзень, а круглы год. Прынамсі, жыхары Ўручча пра гэта ведаюць. Калі праз горад праходзіць фронт, ніхто ня думае пра заторы, «хуткую» і асфальт. Усе думаюць пра паратунак — народ масава эвакуюецца ў Вільню, Польшчу, Львоў на дадатковых цягніках Белчыгункі.

Вайна — гэта адзінае, што ўдалося прыдумаць замест так і ня знойдзенай дзяржаўнай ідэалёгіі. Адзінае, што дае магчымасьць трымаць народ у тонусе. Таму парад — гэта не пра камфорт і не пра якую-небудзь радасьць. Гэта нават не пра бразганьне зброяй — усе калі ня ведаюць, дык адчуваюць, што гэтай арміі няма з кім і няма за што ваяваць. Парад — гэта толькі пра вайну.

Дзе вайна, там ахвяры і палон. Масавыя захопы то актывістаў, то мытнікаў, то айцішнікаў, то мэдыкаў, каго заўгодна — гэта таксама парад і вайна, тонус, на якім трымаецца ўлада.

Як гэта ўсё спыніць? Ніколі не паверу ў заяву нейкага ідэоляга, што «большасьці беларусаў падабаюцца парады». Зрэшты, гэта ня так і важна. Ня людзі распачынаюць і спыняюць войны. Што маглі зрабіць менчукі і ўсе беларусы 22 чэрвеня 1941 году? Уцякаць або хавацца, з усіх сілаў рабіць выгляд, што яны ні пры чым ці што яны на баку пераможцы. Але ўсё гэта — зусім не гарантыя ратунку на вайне.

Там, куды беларусы ўцякаюць ад сваёй вайны, парадаў няма. Замест іх у Літве, Латвіі, Польшчы, Украіне мабілізацыйны тонус стварае ідэалёгія нацыянальнай дзяржаўнасьці: мова і асьвета. Мова любові замест мовы нянавісьці, якая пануе на фронце. Паяднаць гэтыя дзьве мовы немагчыма. Замяніць адну адной пры гэтай уладзе таксама. І ўсё, што могуць зрабіць людзі — хоць бы ўсьведамляць гэта і тлумачыць сваім дзецям. Вайна, фронт, парад — гэта не пра радасьць. Сьмерць, кроў, палон — не нагода для гонару.

Калі над вашым домам лятуць баявыя самалёты, вы можаце захапляцца стройнасьцю іхнае чарады, але памятайце, што іх непасрэдная задача — забіваць і што варагаў у іх у гэтай краіне няма. Акрамя вас.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG