Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі амбудсмэн: Сянцова могуць карміць у калёніі «незразумелай сумесьсю»


Людміла Дзянісава
Людміла Дзянісава

Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны па правах чалавека Людміла Дзянісава абвінаваціла расейскую ўладу ва ўтойваньні стану здароўя ўкраінцаў, якіх утрымліваюць у турмах Расеі.

«Да ніводнага зь іх няма доступу незалежных гуманітарных арганізацый, а таксама Міжнароднага камітэту Чырвонага крыжа. Мы ня ведаем праўды пра стан іх здароўя», — сказала Дзянісава 29 чэрвеня на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве.

«Супярэчлівыя заявы аб стане здароўя Алега Сянцова прымушаюць думаць, што яго могуць сілком карміць, даваць сумесь, якая складаецца зь незразумелых і невядомых кампанэнтаў. Мы ня ведаем уплыву гэтай сумесі на здароўе і псыхіку», — адзначыла яна.

Людміла Дзянісава паведаміла пра намер наведаць Страсбург і паінфармаваць камісара Рады Эўропы па правах чалавека аб тым, што яе не дапусьцілі да ўкраінскіх палітвязьняў, якія знаходзяцца ў Расеі.

Яна таксама мае намер паведаміць прадстаўнікам Эўразьвязу, ЗША, ААН і АБСЭ аб парушэньнях Расеяй міжнародных канвэнцыяў па правах чалавека.

«Мы чакаем адказу ад Расеі на нашы прапановы разблякаваць працэс вызваленьня палітвязьняў. Гэта можна зрабіць вельмі хутка, калі на гэта будзе палітычная воля», — сказала Дзянісава.

Яна дадала, што яе спробы наведаць украінцаў былі палітызаваныя і заблякаваныя Расеяй. Пры гэтым, паводле Дзянісавай, Украіна ўсё яшчэ гатовая абмяняць 23 асуджаных расейскіх грамадзянаў на 23 украінца.

Расейскі бок пакуль не камэнтаваў абвінавачваньні Дзянісавай.

28 чэрвеня расейскі і ўкраінскі амбудсмэны адначасова прыбылі ў Лабытнангі, дзе знаходзіцца калёнія, у якой утрымліваюць Сянцова. Дзянісава прыбыла да калёніі раней за сваю калегу з Расеі Тацяну Маскалькову. Але да Сянцова яе не пусьцілі. Пазьней Маскалькова заявіла, што сустракалася з рэжысэрам, які галадае ўжо 47-ы дзень, і назвала ягоны стан здароўя «здавальняючым».

Украінскую амбудсмэнку, паводле яе, не пускалі да Сянцова з-за таго, што яна грамадзянка Ўкраіны.

Украінскі рэжысэр Алег Сянцоў быў абвінавачаны расейскімі ўладамі ў арганізацыі тэрактаў у Крыме і адбывае 20-гадовы турэмны тэрмін у горадзе Лабытнангі ў Ямала-Нянецкай аўтаномнай акрузе. 14 траўня ён абвясьціў бестэрміновую галадоўку з патрабаваньнем вызваліць усіх украінскіх палітвязьняў у Расеі. Сянцоў, паводле ягоных словаў, мае намер «галадаць да сьмерці».

Расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна 25 чэрвеня папрасіў аб памілаваньні ўкраінца генэральны сакратар Рады Эўропы Турб’ерн Ягланд, а таксама многія дзеячы расейскага мастацтва. Сам Сянцоў адмовіўся прасіць Пуціна аб памілаваньні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG