Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Канадзе асудзілі двух мнагажэнцаў: у аднаго былі 24 жонкі і 149 дзяцей


Вярхоўны суд Канады асудзіў Уінстана Блэкмара на 6 месяцаў хатняга арышту, Джэймса Олера — на тры месяцы хатняга арышту.

Прысуд у горадзе Крэнбруку вынесла судзьдзя Шэры Эн Донэган.

Блэкмар і Олер асуджаныя за палігамію. 60-гадовы Блэкмар меў 24 жонкі, 53-гадовы Олер — 5 жонак. Паведамляецца, што некаторым з жонак Блэкмара, калі яны выходзілі за яго замуж, не было 15 гадоў.

Агулам Уінстан Блэкмар мае 149 дзяцей.

Абодва асуджаныя падчас выкананьня пакараньня могуць хадзіць на працу і зьвяртацца да доктара ў выпадку неабходнасьці. Таксама Блэкмар павінен адпрацаваць 150 гадзінаў грамадзкіх работаў, а Олер — 75.

Абодва асуджаныя былі лідэрамі рэлігійнай суполкі, фундамэнталісцкай «Царквы Ісуса Хрыста Сьвятых апошніх дзён», якая сьвядома практыкуе палігамію.

«Ён даў зразумець, што ніякае пакараньне ня зьменіць ягоных рэлігійных поглядаў. Ён не раскаяўся і не зьбіраецца» — сказала пра Блэкмара судзьдзя Донэган.

Пракурор патрабаваў асудзіць Блэкмара на 6 месяцаў пазбаўленьня волі, Олера — на тры месяцы.

Аднак судзьдзя вынесла больш мяккі прысуд, адзначыўшы, што абодва мужчыны — працавітыя, паважаныя людзі ў сваёй акрузе і ў астатнім, акрамя палігаміі, не парушалі ніякіх законаў.

Амэрыканскае выданьне HuffPost піша, што на працэсе прысутнічалі дзесяткі людзей, чальцоў рэлігійнай арганізацыі, якую ўзначальваюць асуджаныя. Пасьля вынясеньня прысуду многія прысутныя плакалі.

Цяперашні выпадак прысуду за палігамію — трэці за ўсю гісторыю Канады, папярэднія прысуды былі вынесеныя ў 1899 і 1903 гадах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG