Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вядома пра банду наваполацкіх гвалтаўнікоў, якіх судзяць у Віцебску


Віцебскі абласны суд, архіўнае фота

У Віцебскім абласным судзе ў закрытым рэжыме ідзе судовы працэс над чатырма жыхарамі Полаччыны, якіх вінавацяць у згвалтаваньнях, забойствах і кіднэпінгу.

Пра асобы абвінавачаных і сутнасьць судовай справы

На лаве падсудных 52-гадовы Аляксандр А., 52-гадовы Анатоль П., 37-гадовы Дзьмітры Д., 35-гадовы Іван С. Усе чацьвёра — ураджэнцы Полацкага раёну. Паміж сабой яны пазнаёміліся ў месцах пазбаўленьня волі, дзе адбывалі пакараньні за ранейшыя злачынствы — згвалтаваньні, супрацьзаконныя дзеяньні сэксуальнага характару і крадзяжы.

У матэрыялах справы — зьвесткі пра 46 злачынных эпізодаў зь іхным удзелам, пачынаючы ад 1999 году. У тым ліку Аляксандра А. і Дзьмітрыя Д. вінавацяць за выкраданьне непаўналетняга, учыненае больш як 19 гадоў таму.

Што яшчэ інкрымінуюць падсудным

Судовы разбор пачаўся ў траўні, суду належыць разабраць некалькі тамоў справы. Сярод таго, у чым вінавацяць падсудных, некалькі найбольш цяжкіх злачынстваў, у прыватнасьці:

  • згвалтаваньне групай асобаў і забойства пацярпелай;
  • гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару;
  • рабаўніцтва, учыненае групай асобаў.

Паводле абвінавачаньня, злачынствы ўчыняліся паводле падобнага сцэнару: мужчыны знаёміліся на вуліцы зь пераважна ўжо нецьвярозымі жанчынамі, прапаноўвалі ім пачастунак, загадзя падмяшаўшы ў алькагольныя або безалькагольныя напоі кляфэлін — прэпарат, які паніжае крывяны ціск і ў спалучэньні з алькаголем выклікае санлівасьць.

Ахвяраў у несьвядомым стане везьлі на кватэру аднаго з удзельнікаў групоўкі ў Наваполацку, гвалцілі і рабавалі. Ачуняўшы, жанчыны не маглі прыгадаць, што зь імі адбылося, або саромеліся зьвярнуцца ў міліцыю.

Відэа Сьледчага камітэту Беларусі з фрагмэнтам допыту падазраванага тут.

​У верасьні 2012 году непаўналетняя ахвяра гвалтаўнікоў памерла ад узьдзеяньня алькаголю разам з мэдыцынскім прэпаратам. Аголенае цела злачынцы закапалі ў пясчаным кар’еры непадалёк ад Полацку. Доўгі час дзяўчына лічылася зьніклай — да тае пары, пакуль месца пахаваньня ня стала вядомым падчас сьледчых дзеяньняў.

Што ўдалося выявіць сьледчым?

Міліцыя і сьледчыя органы неаднаразова зьвярталіся да грамадзян па дапамогу ў пошуку злачынцаў. Расьсьледаваньнем займалася Галоўнае сьледчае ўпраўленьне СК. У выніку сьледчыя ўстанавілі, што злачынствы ўчыняліся групай асобаў, якія ўваходзілі ў адну групоўку пад кіраўніцтвам 52-гадовага мужчыны. Яго ж сьледчыя лічаць і аўтарам ідэі, што да выкарыстаньня мэдыкамэнтаў для ўсыпленьня ахвяраў.

Абвінавачаныя адмаўляліся прызнаць свой удзел у злачынствах, і сьледчым давялося шукаць жанчын, якія пацярпелі ад гвалтаўнікоў: іх аказалася больш як паўсотні. Было дапытана больш за 300 сьведак, зроблена каля 40 сьледчых экспэртызаў, ня менш як 50 разоў праводзіліся сьледчыя дзеяньні на месцах дарэньня з удзелам абвінавачаных, пацярпелых і сьведак.​

Што пагражае злачынцам?

Двум падсудным — Аляксандру А. і Івану С. — па сукупнасьці прад’яўленых абвінавачаньняў пагражае сьмяротнае пакараньне. Астатнім — працяглыя тэрміны зьняволеньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG