Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Данбасе загінулі трое ўкраінскіх вайскоўцаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У зоне баявых дзеяньняў у Данбасе 27 чэрвеня загінулі трое ўкраінскіх вайскоўцаў, яшчэ столькі ж атрымалі раненьні, паведамляе штаб Апэрацыі аб’яднаных сілаў.

Паводле гэтых дадзеных, баевікі, якія падтрымліваюцца Расеяй, 32 разы зьвярнуліся да прыцэльнага агню па ўкраінскіх пазыцыях, чатыры разы яны ўжылі цяжкае ўзбраеньне.

Украінскія вайскоўцы таксама абвінавачваюць баевікоў у абстрэле гораду Жалезнае зь мінамётаў калібру 82 мілімэтры. Як гаворыцца ў ранішняй зводцы, пацярпелі дзьве цывільныя асобы.

У групоўцы «ЛНР» заяўляюць пра два абстрэлы з боку ўкраінскіх вайскоўцаў на працягу мінулых сутак.

У групоўцы «ДНР» зводных дадзеных аб баявых дзеяньнях 27 чэрвеня не прыводзілі. У той жа час у гэтай групоўцы адмаўлялі сваё дачыненьне да абстрэлу Жалезнага.

Трохбаковая кантактная група ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе 26 сакавіка абвясьціла пра «ўсёабдымнае, устойлівае і бестэрміновае спыненьне агню» з 30 сакавіка ў 00:01 паводле кіеўскага часу — так званае «Велікоднае замірэньне». Бакі практычна штодня абвінавачваюць адзін аднаго ў яго парушэньні.

Учора, 27 чэрвеня, на перамовах аб Данбасе ў Менску была дасягнутая дамоўленасьць спыніць агонь на час жніва. Рэжым цішыні на лініі сутыкненьня на Данбасе мае наступіць з 0 гадзін 01 хвіліны 1 ліпеня.

Узброены канфлікт на Данбасе працягваецца з 2014 году пасьля расейскай анэксіі Крыму. Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ва ўзброенай падтрымцы сэпаратыстаў. Крэмль абвяргае гэтыя абвінавачваньні і заяўляе, што на Данбасе могуць знаходзіцца толькі расейскія «добраахвотнікі». Паводле ААН, за час канфлікту загінулі больш за 10 000 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG