Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Іране працягваюцца антыўрадавыя дэманстрацыі


Ілюстрацыйнае фота. Пратэсты ў Іране
Ілюстрацыйнае фота. Пратэсты ў Іране

Уладальнікі малых бізнэсаў і іншыя групы насельніцтва незадаволеныя інфляцыяй і спадам эканомікі ў Іране, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Апошнімі днямі ў сталіцы Ірану праходзяць антыўрадавыя дэманстрацыі — самыя масавыя з 2012 году. Пратэстоўцы, многія зь якіх уладальнікі дробных прыватных бізнэсаў, патрабуюць паляпшэньня эканамічных умоваў. 24 чэрвеня гаспадары ювэлірных крамаў і крамаў мабільнай сувязі ў Тэгеране абвясьцілі страйк. Яны, у прыватнасьці, выказваюць незадаволенасьць з нагоды празьмернай інфляцыі. Курс іранскай валюты — рыяла — моцна ўпаў: на чорным рынку за адзін даляр ЗША цяпер даюць каля 90 тысяч рыялаў.

На фатаздымках у сацыяльных сетках, сапраўднасьць якіх была пацьверджаная службамі навін «Голасу Амэрыкі», зьнятыя падпаленыя смецьцевыя бакі ў тэгеранскім раёне Лалех-Зар. Частка відэаматэрыялаў была выстаўлена на сайце YouTube замежнай грамадзкай іранскай групай Iran Kargar.

Адзначаецца, што напярэдадні, у панядзелак, паліцыя ўжыла супраць дэманстрантаў сьлезацечны газ. Беспарадкі прайшлі і ў гарадах Керманшах на захадзе і Шыраз на поўдні краіны.

Дзяржсакратар ЗША пракамэнтаваў пратэсты ў Іране

Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо выступіў з заявай з нагоды пратэстаў у Іране, у якой адзначыў, што працяг пратэстаў нікога не павінен зьдзіўляць, улічваючы паводзіны іранскага ўраду.

«Урад Ірану растрачвае рэсурсы сваёй краіны — ці то гэта авантуры ў Сырыі, падтрымка „Хэзбалы“, ХАМАСа і хуці або бескарыснае пашырэньне ядзернай праграмы — што толькі ўзмацніць пакуты іранскага народу, — заявіў Пампэо. — Як я ўжо казаў раней, нікога не павінна зьдзіўляць, што пратэсты ў Іране працягваюцца. Іранскія грамадзяне патрабуюць, каб іхныя лідэры дзяліліся зь імі багацьцямі краіны і задавальнялі іх законныя патрэбы».

Дзяржсакратар адзначыў, што Вашынгтон асуджае ўлады Тэгерану за задушэньне пратэстаў, арышт дэманстрантаў і «адмову прыслухацца да скаргаў насельніцтва».

«Народ Ірану стаміўся ад карупцыі, несправядлівасьці і некампэтэнтнасьці сваіх лідэраў. Сьвет чуе ягоны голас», — падкрэсьліў Пампэо.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG