Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна хадзіць у лазьню з павышаным ціскам


Нашы пацыенты часта пытаюцца, ці можна з павышаным ціскам парыцца. Асабліва гэта цікавіць людзей у летні час, калі лазьня становіцца важным месцам адпачынку на лецішчы зь сям’ёй ці сябрамі.

Уплыў лазьні на здаровых людзей

Сапраўды, лазьня ўплывае на ўзровень артэрыяльнага ціску за кошт павышанай тэмпэратуры і высокай вільготнасьці. Пры гэтым артэрыяльны ціск спачатку павышаецца. Гэта абумоўлена тым, што арганізм павінен адаптавацца да новых умоў.

Такая рэакцыя працягваецца некалькі хвілін. Нават здаровы чалавек у гэты час можа адчуваць невялікае галавакружэньне, пачашчэньне пульсу, часам невялікую млоснасьць. Але гэта ўсё хутка праходзіць. Далей наступае пэрыяд адаптацыі, стабілізуецца праца сарэчна-судзіннай сыстэмы, мабілізуюцца абарончыя сілы арганізму, павышаецца імунітэт і прыходзяць іншыя станоўчыя зрухі.

Рэгулярныя паходы ў парылку асабліва эфэктыўныя для здароўя. Арганізм паступова прывыкае да стрэсаў невысокай інтэнсіўнасьці, што ў навуцы атрымалі назву «гармэзіс», ці пастаяннае ўзьдзеяньне стрэсаў нізкай інтэнсіўнасьці.

Але гэтак адбываецца пры ўмове адсутнасьці хвароб, у практычна здаровых людзей.

А як рэагуюць на парылку людзі з гіпэртаніяй, калі яны не бяруць лекі для паніжэньня ціску?

Уплыў лазьні на гіпэртонікаў

Па-першае, падчас пачатку лазьневых працэдур, калі чалавек толькі трапляе ва ўмовы павышанай тэмпэратуры і вільготнасьці, можа адбыцца скачок артэрыяльнага ціску з парушэньнем кровазвароту ў судзінах галаўнога мозгу і сэрца, так званых каранарных. Гэта можа прывесьці да прыступу стэнаркардыі ў форме болю за грудзінай ці парушэньня рытму сэрца.

Па-другое, лазьня можа стаць фактарам рызыкі дэстабілізацыі артэрыяльнага ціску. Нават калі гіпэртонік няблага перанясе сам факт знаходжаньня ў парылцы, то пасьля ціск можа падвысіцца і здарыцца гіпэртанічны крыз.

На жаль у нашай культурнай традыцыі можна сустрэцца і з ужываньнем алькагольных напояў у лазьні. Нават слабаалькагольныя напоі, як, напрыклад, піва, прыводзяць да зьніжэньня самакантролю. У выніку чалавек не здае сабе справы пра час знаходжаньня ў парылцы, што можа стаць траўмай для судзінаў.

Дык ці можна гіпэртоніку парыцца

Але, нягледзячы на ўсё апісанае вышэй, людзям з павышаным ціскам хадзіць у лазьню ўсё ж можна. Што для гэтага трэба?

Вось некалькі простых парадаў:

  • Кантралюйце артэрыяльны ціск. Памятайце, добрае самаадчуваньне можа быць і пры досыць высокіх лічбах ціску, калі існуе высокая пагроза інсульту і інфаркту. Таму трэба пастаянна браць адпаведныя лекі і імкнуцца абавязкова дасягаць мэтавага ціску, які складае 140/90 мм рт. сл., а пры цукровым дыябэце 120/80 мм рт. сл.;
  • Тэмпэратура і вільготнасьць у лазьні не павіны быць занадта высокія. Гэтым вы дапаможаце свайму арганізму больш мякка прыстасавацца да не зусім звыклых для яго ўмоў і нават будзеце яго трэніраваць.
  • Не ўжывайце алькагольныя напоі і ежу ў лазьні, бо гэта фактар дадатковага павышэньня ціску.
  • Пазьбягайце парылкі ў занадта сьпякотнае надвор’е, бо гэта ня вельмі спрыяльны фактар для нармальнага ціску.

Павышаны артэрыяльны ціск — гэта ў пэўнай ступені стыль жыцьця, які патрабуе пастаяннай, штодзённай антыгіпэртэнзіўнай тэрапіі, якая і будзе галоўным абаронцам ад розных стрэсаў.

Калі вы пастаянна прымаеце пілюлі для зьніжэньня ціску, то сьмела можаце хадзіць у лазьню, маючы на ўвазе нашы простыя парады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG