Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа Францішак «рашуча» выключыў магчымасьць для жанчын стаць сьвятарамі


Папа Францішак (архіўнае фота)
Папа Францішак (архіўнае фота)

Папа Рымскі Францішак даў вялікае інтэрвію інфармацыйнаму агенцтву Reuters, у якім, сярод іншага, выказаўся пра ролю жанчын у Касьцёле, сэксуальныя злоўжываньні, мігрантаў і будучыню Касьцёла. Афіцыйны інтэрнэт-партал Каталіцкага Касьцёла ў Беларусі Catholic.by коратка перадаў зьмест інтэрвію.

Жанчына і яе служэньне ў касьцельных структурах

Адно з пытаньняў тычылася ролі жанчын у Касьцёле і таго, каб яны займалі адказныя пасады ў Рымскай курыі.

Папа Францішак падкрэсьліў, што рашуча выключае магчымасьць жаночага сьвятарства.

«Ян Павал ІІ быў выразны ў гэтым пытаньні. Ён зачыніў дзьверы, і я ня маю намеру вяртацца да гэтага», — дадаў папа Францішак.

У той жа час пантыфік пагадзіўся з тым, што жанчын на адказных пасадах «павінна быць больш», бо яны «лепш умеюць вырашаць канфлікты», але, прымаючы падобныя рашэньні, трэба кіравацца крытэрам якасьці.

Пра сэксуальныя злоўжываньні

Камэнтуючы сытуацыю з сэксуальнымі злоўжываньнямі ў Касьцёле ў Чылі, папа Францішак з жалем прызнаў, што раней у Касьцёле не было глыбокага ўсьведамленьня праблемы і адбываліся перамяшчэньні вінаватых з аднаго месца ў іншае.

«Мне не падабаецца казаць пра гэта цяпер, але я павінен сказаць. Возьмем статыстыку. Большасьць злоўжываньняў зьдзяйсьняецца ў сямейным асяродзьдзі, у гарадзкіх кварталах, школах, спартовых залях...

І ў Касьцёле хтосьці можа сказаць, што такіх сьвятароў няшмат, але нават калі б быў адзін, гэта ўжо трагедыя, бо абавязак гэтага сьвятара — прывесьці чалавека да Бога, а ён зьнішчыў шлях, які вядзе да Бога», — сказаў папа.

Што да крызісу ў касьцёле ў Чылі, папа Францішак не выключае, што задаволіць чарговыя просьбы аб адстаўцы, пададзеныя мясцовымі біскупамі.

Праблема міграцыі

Гаворачы пра фэномэн міграцыі, папа Рымскі падкрэсьліў, што «папулізм — не рашэньне праблемы». Ён зьвярнуў увагу на сытуацыю «вялікай дэмаграфічнай зімы» ў Эўропе, калі вялікая колькасьць людзей прыбывае, просячы аб дапамозе.

На думку папы, акрамя прыманьня ўцекачоў, неабходна інвэставаць у бедныя краіны, асабліва ў Афрыку, ствараючы працоўныя месцы, каб у корані прадухіліць масавую міграцыю.

«Але стварэньне псыхозу ніколі ня будзе лекамі» ад міграцыйнага крызісу, падкрэсьліў папа, дадаючы, што кожная дзяржава павінна спрыяць вырашэньню праблемы па меры сваіх магчымасьцяў.

«Будучыня Касьцёла — на вуліцы»

Што тычыцца пэрспэктыў Касьцёла, папа Францішак лічыць, што «будучыня Касьцёла — на вуліцы, у дарозе».

«Трэба выходзіць, бо мы часта трымаем Хрыста зачыненым. Касьцёл, які выходзіць вонкі, можа трапіць у здарэньне, але закрыты Касьцёл пачынае хварэць. Выходзіць са сваім пасланьнем — вось будучыня», — перакананы папа.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG