Нямецкія актывісты ўратавалі больш як 200 уцекачоў у міжнародных водах Міжземнага мора яшчэ 21 чэрвеня, але да гэтага часу ніводная краіна не пагадзілася ўпусьціць судна Lifeline у свае порты. Цяпер судна знаходзіцца ў тэрытарыяльных водах Мальты.
У панядзелак, 25 чэрвеня, Гішпанія адмовілася прыняць судна нямецкай дабрачыннай арганізацыі Lifeline, на борце якога знаходзяцца 224 выратаваных у моры мігранты. Пра гэта паведаміў міністар разьвіцьця краіны Хасэ Луіс Абалас.
Паводле яго, краіна хацела б паказаць прыклад гуманізму гэтак жа, як і ў выпадку з суднам Aquarius. «Аднак стаць выратавальнай арганізацыяй на моры для ўсёй Эўропы — гэта зусім іншае», — падкрэсьліў міністар
Судна таксама адмовіліся ўпусьціць порты Італіі і Мальты. Італьянскі міністар унутраных справаў лічыць, што мігрантамі павінна была заняцца Лібія, ля берагоў якой вылавілі мігрантаў, і нямецкая арганізацыя Lifeline парушыла міжнароднае права, калі ўзяла на борт уцекачоў.
Мальта, за 46 кілямэтраў ад якой дрэйфуе судна, у суботу даставіла камандзе і пасажырам ежу і неабходныя прадметы.
Раней Італія і Мальта адмовіліся прыняць выратавальнае судна Aquarius арганізацыі SOS Méditerranée з 629 бежанцамі на борце. Прэзыдэнт Францыі Эмманюэль Макрон тады абвінаваціў Італію ў цынізьме і безадказнасьці, мігрантаў прыняла гішпанская Валэнсія.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў