Лінкі ўнівэрсальнага доступу

CNN: футбаліст Салах можа пакінуць зборную Эгіпту праз Кадырава


CNN: Мухамад Салах (зьлева) ня хоча, каб яго выкарыстоўвалі для нечыйга палітычнага іміджу

Гулец ангельскага «Лівэрпулю» Мухамад Салах можа пакінуць зборную Эгіпту праз чачэнскага лідэра Рамзана Кадырава, паведамляе CNN са спасылкай на крыніцу, блізкую да футбаліста. Журналісты адзначаюць, што на час чэмпіянату сьвету па футболе ў Расеі эгіпэцкая зборная базуецца менавіта ў Чачні.

Паводле дадзеных амэрыканскага тэлеканалу, Салах ня хоча, каб яго прыцягвалі да пазафутбольных сфэр і выкарыстоўвалі для нечыйга палітычнага іміджу.

У пачатку чэрвеня Салах сфатаграфаваўся з Кадыравым і старшынём чачэнскага парлямэнту Магамедам Даудавым, які занесены ў амэрыканскі санкцыйны сьпіс. Фатаздымкі былі зробленыя падчас трэніроўкі зборнай Эгіпту на стадыёне ў Грозным.

Газэта The New York Times пісала, што спачатку Салах не прысутнічаў на трэніроўцы, бо працаваў паводле індывідуальнай праграмы ў сувязі з траўмай, атрыманай у фінале Лігі чэмпіёнаў. Журналісты адзначалі, што Кадыраў зьехаў са стадыёну, аднак неўзабаве вярнуўся туды з Салахам.

Дарадца кіраўніка Чачні Турка Даудаў распавёў газэце, што Кадыраў адправіўся ў гатэль, дзе жыве эгіпэцкая каманда. У гэты момант Салах спаў у сябе ў нумары, аднак на просьбу Кадырава яго разбудзілі і на асабістай машыне кіраўніка рэспублікі адвезлі на стадыён.

23 чэрвеня Кадыраў паведаміў, што ўзнагародзіў Салаха статусам ганаровага грамадзяніна Чачні.

Эгіпэт пасьля паразы ад Уругваю і Расеі страціў шанцы на выхад у плэй-оф чэмпіянату сьвету. У матчы з расейцамі, які скончыўся з лікам 1:3, Салах забіў адзіны гол сваёй каманды.

У мінулым сэзоне эгіпцянін вызначыўся 43 мячамі ў футболцы «Лівэрпулю» і стаў найлепшым гульцом сэзону ў ангельскай Прэм’ер-лізе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG