Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савецкая блякада Бэрліну: чаму Сталіну давялося адступіць


70 гадоў таму, 24 чэрвеня 1948 году, пачалася савецкая блякада Заходняга Бэрліну. Усё — ад вугалю да харчаваньня — даводзілася дастаўляць у абложаныя горад самалётамі.

Паветраны мост

Амаль год Сталін і верныя яму ўсходненямецкія камуністы спрабавалі ўзяць Заходні Бэрлін на змор, прымусіць заходніх саюзьнікаў сысьці адтуль, а бэрлінцаў — скарыцца лёсу і савецкім акупацыйным уладам. Амаль год практычна наглуха былі перакрытыя чыгункі і аўтамабільныя дарогі, што вялі ў заходнюю частку гораду, амаль год усё неабходнае — ад прадуктаў харчаваньня да вугалю — дастаўлялася ў Заходні Берлін самалётамі. Амэрыканцы, брытанцы і французы арганізавалі небывалы ў гісторыі паветраны мост. Кожныя дзьве-тры хвіліны садзіліся і ўзьляталі транспартныя самалёты. І Сталіну давялося адступіць.

Амэрыканскі вайсковы самалёт прызямляецца на лётнішчы Гатаў пад Бэрлінам, 19 жніўня 1948
Амэрыканскі вайсковы самалёт прызямляецца на лётнішчы Гатаў пад Бэрлінам, 19 жніўня 1948

Пра ўсё гэта ідзе гаворка, у прыватнасці, у кнізе вядомага нямецкага гісторыка і публіцыста Фолькера Коопа (Volker Koop) «Дзёньнік бэрлінскай блякады». Гэта сапраўды дзёньнік: падрабязна, дзень за днём, аўтар распавядае пра будні абложанага гораду. Вось некалькі прыкладаў.

Пятніца 25 чэрвеня 1948

Савецкая вайсковая камэндатура забараніла ўсе пастаўкі вугалю ў заходнія сэктары гораду, на якім працуюць заходнебэрлінскія электрастанцыі. Крыху пазьней будуць забароненыя пастаўкі мэдыкамэнтаў у заходнебэрлінскія бальніцы. У аэрапорце Тэмпэльгоф садзяцца першыя амэрыканскія транспартныя самалёты з харчаваньнем. Заходнія саюзьнікі абяцаюць: «Галадаць у горадзе ня будзе ніхто».

Чацьвер, 8 ліпеня

Праз два тыдні пасьля пачатку блякады ў Заходнім Бэрліне ўводзяцца жорсткія нормы эканоміі электраэнэргіі. Спынены рух электрычак. Трамваі, тралейбусы і цягнікі мэтро ходзяць з 6 гадзін раніцы да 6 вечара і зь вельмі вялікімі інтэрваламі. У жылыя дамы электрычнасьць падаецца толькі на дзьве гадзіны раніцай і дзьве — увечары. Забароненае падсьвятленьне вітрын магазінаў.

У сьвеце шырыцца рух салідарнасьці з жыхарамі Заходняга Бэрліну. Швэдзкія працоўныя, якім пасьля вайны таксама жывецца не занадта сытна, сабралі 15 тон аўсяных шматкоў, дваццаць мяшкоў цукру, 240 пакетаў сухога малака. З ЗША пачалі прыходзіць прыватныя прадуктовыя пасылкі.

Некалькі дзясяткаў тысяч тон бульбы і вугалю нечакана прапанавалі паставіць Заходняму Бэрліну Чэхаславаччына і Польшча — праўда, ня ў якасці гуманітарнай дапамогі, а за цьвёрдую валюту. Масква хутка прыструніла сваіх сацыялістычных сяброў, якія не да канца зразумелі асаблівасці «бягучага моманту». Зьдзелка не адбылася. І больш з падобнымі ініцыятывамі «брацкія» сацыялістычныя краіны да канца блякады не выступалі.

Субота, 21 жніўня

Зь неба на Бэрлін упершыню падаюць на маленькіх парашуціках пліткі шакаляду, цукеркі, пакуначкі разынак... Гэтыя, як іх пачалі называць, «салодкія бомбы» — вынаходзтва аднаго з амэрыканскіх лётчыкаў. У яго хутка знайшлося вельмі шмат пераймальнікаў. У бэрлінскіх дзяцей было пасля вайны ня так шмат радасьцяў. «Салодкія бомбы» — адна зь іх.

Серада, 15 верасьня

Восень у Бэрліне халодная. У заходняй частцы гораду жывуць каля 10 тысяч дзяцей, пра якіх няма каму паклапаціцца пасьля заканчэньня заняткаў у школе: бацькі загінулі на фронце ці застаюцца ў палоне, маці працуюць. Магістрат Заходняга Бэрліну прымае рашэньне адкрыць для іх трыста «ацепленых групаў падоўжанага дня». Каштуе гэта гораду нятанна: трэба, напрыклад, набыць дадаткова каля сотні печак. Тым ня менш, магістрат выдзяляе з свайго беднага бюджэту аж 50 тысяч марак на тое, каб дзеці атрымлівалі ў тых групы падоўжанага дня гарачае харчаванжне.

Пятніца 25 лютага, 1949

Нягледзячы на блякаду, толькі за адзін апошні месяц у Заходнім Бэрліне папрасілі прытулак дзьве з паловай тысячы ўцекачоў з савецкай зоны акупацыі. Гэта стварае сур’ёзныя праблемы для абложанага гораду: дзе разьмясьціць людзей, чым накарміць, ці адпраўляць у Заходнюю Нямеччыну?

Панядзелак, 4 красавіка

У мэтах узмацненьня барацьбы супраць «падпальніцкага і раскольніцкага заходняга друку» Палітбюро ЦК Сацыялістычнай адзінай партыі Нямеччыны забараніла свабодны доступ да газет і часопісаў, якія выходзілі ў Заходнім Бэрліне і Заходняй Нямеччыне. Нават у райкамах партыі, прафкамах і іншых арганізацыях іх дазваляюць чытаць толькі асабліва правераным таварышам. А пасьля чытаньня пэрыёдыку спальваюць пад адмысловымі кантролем.

Чацвер, 12 траўня

Ва Ўсходняй Нямеччыне зьнішчаюцца апошнія рэшткі дэмакратыі. Аднак задушыць яе ў заходняй частцы Бэрліну не ўдаецца. Блякада відавочна выявілася неэфэктыўнай ня толькі з палітычнага, але і з эканамічнага гледзішча. Хоць жыхарам Заходняга Бэрліну даводзіцца нялёгка, але паветраны мост выконвае сваё прызначэньне: ніхто не памірае з голаду, у горадзе няма эпідэмій, а сякую-такую прадукцыю нават экспартуюць. На ёй стаіць горды надпіс: «Выраблена ў абложаным Бэрліне».

У рэшце рэшт Сталін быў вымушаны саступіць. 12 траўня 1949 году блякада Заходняга Бэрліну была зьнятая. Аднак халодная вайна на доўгія дзесяцігодзьдзі стала вызначаць палітыку ў Эўропе і сьвеце. Галоўным палітычным вынікам бэрлінскай блакады стала аб’яднаньне заходніх земляў і стварэньне Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччыны, а таксама наданьне Заходняму Бэрліну аўтаномнага статусу. Акрамя таго, пад знакам бэрлінскай блякады і «паветранага моста» 4 красавіка 1949 году было прынята рашэньне аб стварэньні Паўночнаатлянтычнага альянсу (NATO).

А Заходні Бэрлін працягваў заставацца астраўным, фактычна абложаным горадам да лістапада 1989 году, калі ўпала нарэшце Мур, які яго падзяляў.

Паводле матэрыялаў Deutsche Welle
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG