Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральны сакратар Рады Эўропы падасьць хадайніцтва аб памілаваньні Сянцова

Турб’ёрн Яглянд і Ўладзімір Пуцін
Турб’ёрн Яглянд і Ўладзімір Пуцін

Генэральны сакратар Рады Эўропы Турб’ёрн Яглянд у панядзелак падасьць афіцыйнае хадайніцтва на імя прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна аб памілаваньні ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова.

Пра гэта паведаміў Deutsche Welle намесьнік Яглянда Даніэль Гольтген.

Яглянд на мінулым тыдні наведаў Маскву. На сустрэчы з Пуціным, як пацьвердзілі ў Радзе Эўропы, ён не казаў пра Сянцова, аднак узьняў пытаньне пра яго падчас сустрэч з кіраўніком МЗС Расеі Сяргеем Лаўровым і амбудсмэнкай Тацянай Маскальковай. «Расейскі бок выслухаў гэты заклік, аднак ня выказаў у дачыненьні да яго ні падтрымкі, ні пярэчаньняў», — сказаў Гольтген. Не дачакаўшыся рэакцыі, генэральны сакратар Рады Эўропы вырашыў падаць прашэньне на імя Пуціна.

Украінскі прадстаўнік пры Радзе Эўропы Дзьмітры Кулеба раней скрытыкаваў Яглянда, сказаўшы, што сваім візытам у Маскву ён паўдзельнічаў у піяр-кампаніі чэмпіянату сьвету па футболе.

Алег Сянцоў больш за месяц трымае галадоўку. Яго патрабаванне — вызваленьне з расейскіх калёніяў і сьледчых ізалятараў 64 грамадзян Украіны. Раней ён адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні. Сянцоў быў асуджаны на 20 гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньня ў падрыхтоўцы тэрактаў, сам ён называе справу сфабрыкаванай. Вызваліць Сянцова заклікалі вядомыя грамадзкія дзеячы і кінарэжысэры.

Расейскія прадстаўнікі заяўляюць, што абмяркоўваюць з Украінай пытаньне аб абмене зняволенымі, аднак ніякіх дамоўленасьцяў пакуль не дасягнута.

XS
SM
MD
LG