Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Брусэлі лідэры шэрагу краін ЭЗ абмяркоўваюць міграцыю


У Брусэлі ў нядзелю праходзіць нефармальная рабочая сустрэча кіраўнікоў шэрагу эўрапейскіх дзяржаваў, зацікаўленых у вырашэнні праблемы міграцыі. Сустрэчу склікаў кіраўнік Эўракамісіі Жан-Клёд Юнкер, каб паспрабаваць выпрацаваць адзіную пазіцыю перад афіцыйным самітам ЭЗ, які пройдзе на наступным тыдні.

Для канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель нефармальны «міні-саміт» можа адыграць вырашальную ролю. Ён праходзіць ва ўмовах жорсткай спрэчкі пра палітыку ўцекачоў паміж яе партыяй ХДС і яе партнэрамі па кааліцыі з ХСС.

Паміж партыямі выбухнула спрэчка на тэму прыёму ўцекачоў. Лідэр ХСС і кіраўнік МУС Нямеччыны Горст Зээгофэр мае намер закрыць межы для ўцекачоў без дакумэнтаў або ўжо зарэгістраваных у якой-небудзь іншай краіне ЭЗ. Канцлер і кіраўнік ХДС Ангела Мэркель лічыць, што такая мера супярэчыць эўрапейскім нормам даваньня прытулку і нямецкаму заканадаўству, а акрамя таго, несправядлівая ў дачыненьні да такіх краін, як Грэцыя і Італія.

Сустрэча ў Брусэлі дае Меркель магчымасьць правесьці неафіцыйныя перамовы з італьянскім прэм’ерам.

Як піша выданьне The Guardian, Мэркель раней паведаміла Джузэпэ Контэ ў тэлефоннай размове, што ўжо «падрыхтавала праект камюніке, якое мае быць прынятае ў нядзелю ўсімі ўдзельнікамі». Контэ абурыўся і адказаў, што «ніхто не павінен у абыход усіх удзельнікаў, якія маюць пэўную пазыцыю, праводзіць уласнае рашэньне». Цяпер прыняцьця дакумэнту па выніках сустрэчы не чакаецца.

Італія, да ўлады ў якой прыйшоў урад папулістаў, апошнім часам уступіла ў спрэчку з шэрагам дзяржаваў ЭЗ. Яна настойвае на ўзмацненьні жорсткасьці падыходу да ўцекачоў і за пераразьмеркаваньне ўжо прыбылых у ЭЗ ўцекачоў па розных краінах Эўразьвязу. Краіны так званай «Вішаградзкай чацьвёркі» — Польшча, Чэхія, Славаччына і Вугоршчына — аднак, выступаюць супраць сістэмы квот.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG