Чэскі ўрад, які дзейнічае бяз вотуму даверу парлямэнту, падтрымаў вылучаную дэпутатамі прапанову аб увядзеньні ў краіне паўнавартаснага інстытуту шлюбу для аднаполых пар.
У Чэхіі больш за 10 гадоў дзейнічае закон, згодна зь якім людзі аднаго полу могуць рэгістраваць партнэрскія адносіны, якія рэгулююць прававыя, маёмасныя і іншыя пытаньні. Гэтым скарысталася прыкладна 4300 чалавек. У выпадку зьяўленьня паўнавартаснага шлюбу гэтая форма афіцыйнай рэгістрацыі саюзу будзе адмененая. Праект з вэрдыктам ураду перададзены ў парлямэнт краіны.
У 2001 г. Нідэрлянды сталі першай дзяржавай у сьвеце, якая дазволіла людзям аднаго полу заключаць шлюбы і ўсынаўляць дзяцей.