Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пахваліў эўракамісара Гана за нармалізацыю стасункаў Эўразьвязу зь Беларусьсю

Аляксандар Лукашэнка і Яганэс Ган
Аляксандар Лукашэнка і Яганэс Ган

На сустрэчы 21 чэрвеня з эўракамісарам у эўрапейскай палітыцы суседзтва Яганэсам Ганам Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што ён высока ацэньвае ролю Гана ў нармалізацыі дачыненьняў Беларусі і Эўразьвязу, паведамляе БелТА.

«У тым, што ў нас працягваецца нармалізацыя стасункаў, і, напэўна, яны выйшлі на нейкі ўзровень стабільнасьці, вялізная ваша заслуга», — сказаў Лукашэнка.

Яганэс Ган у сваю чаргу адзначыў, што Беларусі і Эўразьвязу ў апошнія гады ўдалося выстраіць даверлівыя адносіны.

Лукашэнка таксама падкрэсьліў, што асноўнымі партнэрамі Беларусі зьяўляюцца Эўрапейскі Зьвяз і Расея, а асновай партнэрства з Эўразьвязам ён бачыць гандлёва-эканамічныя адносіны.

Ён таксама заўважыў, што Беларусь, «нягледзячы на пэўныя цяжкасьці, часам нават вельмі складаныя, ніколі не была перашкодай для вашага прасоўваньня на Ўсход, у Расею, Кітай, можа нават у Японію» і «заўсёды была добрым транзытным акном для Эўразьвязу», даючы магчымасць эўрапейскаму бізнэсу рух тавараў, рабочай сілы, капіталу ў Беларусь і празь Беларусь.

«Я хачу, каб вы разумелі: мы будзем настойваць на тым, каб Эўразьвяз сапраўды гэтак жа адкрываўся для нас, як мы адкрытыя для вас», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго, гэта гэта галоўная праблема і галоўнае пытаньне, над якімі варта працаваць.

«Мы не прасіліся ў Эўразьвяз, але мы хацелі б, каб у нас з Эўразьвязам былі такія дачыненьні, якім, можа быць, зайздросьцілі нават сябры ЭЗ. І калі Эўрапейскі Зьвяз на гэта гатовы, мы свой шлях гатовыя прайсьці», — запэўніў Лукашэнка.

XS
SM
MD
LG