Намесьніка мэра Харкава Андрэя Рудэнку актывісты руху «Нацыянальны корпус» кінулі ў сьмецьцевы бак перад будынкам мэрыі.
Пазьней бак з Рудэнкам унутры выкацілі з двара на вуліцу.
Чальцы «Нацыяльнага корпусу» прыйшлі на пасяджэньне гарадзкой рады з патрабаваньнем спыніць забудову ўчастку каля мясцовага стадыёну. Ахова не прапусьціла іх унутр. Пасьля таго, як паміж актывістамі і аховай пачаліся сутычкі, адзін з ахоўнікаў распыліў сьлезацечны газ.
Пазьней да пратэстоўцаў выйшаў Рудэнка, якога маніфэстанты схапілі і засунулі ў сьмецьцевы бак.
Да будынку мэрыі прыехала пажарная машына і «хуткая» — у будынку спрацавала пажарная сыгналізацыя і пачалася эвакуацыя. Гэта адбылося з-за дыму ад фаераў, якія чальцы «Нацыянальнага корпуса» запалілі каля будынка.
Гэта не першы раз, калі ва Ўкраіне кідаюць у сьмецьцевыя бакі чыноўнікаў. Увосень 2014 года актывісты «Правага сэктару» запусьцілі падобны флэшмоб, караючы чыноўнікаў, якіх яны лічылі замяшанымі ў карупцыі. У сьмецьцевых баках аказваліся:
- Кіраўнік абласнога аддзелу Фонду сацыяльнага страхаваньня Алег Рудэнка
- Дэпутат Вярхоўнай Рады Віталь Жураўскі
- Дэпутат Вярхоўнай Рады Віктар Піліпішын
- Дэпутат Кіраваградзкай абласной Рады Мікалай Карэцкі
- Намесьнік старшыні Ровенскай абласной Рады Аляксандар Данільчук
- Намесьнік старшыні Чаркаскай абласной Рады Ўладзімер Воўчанка
Нацыянальны корпус – украінская палітычная партыя, створаная ў кастрычніку 2016 году. Асновай партыі сталі актывісты грамадзкай арганізацыі «Грамадзянскі Корпус «Азоў»», былыя вайскоўцы добраахвотніцкага палку «Азоў», грамадзкія актывісты і чальцы ўкраінскіх груповак футбольных заўзятараў. Лідэрам партыі зьяўляецца Андрэй Білецкі, былы камандзір палку «Азоў», дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны.