Пры атрыманьні хабару затрымалі начальніка Гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага бюро Менску, паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў.
Колькі грошай далі? 5245 рублёў і 300 даляраў чыноўнік атрымаў ад прадстаўніка камэрцыйнай структуры. Грошы даваліся за падпісаньне дамовы на пастаўку рытуальных тавараў для крамы, якая знаходзіцца на тэрыторыі патолягаанатамічнага бюро.
Паводле сьледзтва, цягам 10 гадоў чыноўнік атрымліваў грошы за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, пра гэта стала вядома ў траўні. Адзначаецца, што апошнім часам чыноўнік стараўся зьменшыць колькасьць сустрэч з супрацоўнікамі камэрцыйных структур, каб атрымоўваць грошы штоквартальна. Акалічнасьці высьвятляюць у Сьледчым камітэце.
Агульная сума хабару склала «дзясяткі тысяч даляраў».
Заведзена крымінальная справа паводле арт. 430 ч. 3 Крымінальнага кодэксу Беларусі «Атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры».
Максымальнае пакараньне: 15 гадоў пазбаўленьня волі.
Напярэдадні, 18 чэрвеня, у СМІ зьявілася інфармацыя пра маштабную антыкарупцыйную апэрацыю КДБ у дачыненьні да чыноўнікаў Міністэрства аховы здароўя. Выданьне «Ежедневник» апублікавала ўласнае расьсьледаваньне, у якім паведамляе пра затрыманьне больш як 10 чыноўнікаў.
Прэсавыя службы КДБ Беларусі і Міністэрства аховы здароўя пакуль не давалі афіцыйных заяваў з нагоды гэтай інфармацыі.
Сьледчы камітэт 18 чэрвеня паведаміў пра завяршэньне расьсьледаваньня крымінальнай справы супраць былога намесьніка галоўнага лекара Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, якога ў студзені затрымалі за атрыманьне хабару.