Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніка канцэрну Audi затрымалі па справе аб дызэльных аўтамабілях


Рупэрт Штадлер
Рупэрт Штадлер

Пракуратура нямецкага Мюнхэну паведаміла аб затрыманьні кіраўніка аўтамабільнага канцэрну Audi Рупэрта Штадлера. Топ-мэнэджэр знаходзіцца ў папярэднім зьняволеньні, абвясьціла ведамства ў панядзелак, 18 чэрвеня. У сьледзтва ёсьць засьцярогі, што фігурант справы аб дызэльным скандале, знаходзячыся на волі, будзе перашкаджаць расьсьледаваньню, гаворыцца далей у заяве.

Пракуратура падазрае кіраўніка Audi, у ліку іншага, у продажы дызэльных аўтамабіляў з праграмай, якая мелася заніжаць паказчыкі шкодных выкідаў. Прадстаўнік галаўнога канцэрну Volkswagen, у які ўваходзіць Audi, пацьвердзіў факт затрыманьня Штадлера, які ўзначальвае кампанію з 2007 году.

На мінулым тыдні паліцыя правяла ператрус у кватэры Штадлера, абгрунтаваўшы свае дзеяньні наяўнасьцю падазрэньняў, якія зьявіліся ў ходзе расьсьледаваньня дызэльнага скандалу, паведамляе «Нямецкая хваля». 11 чэрвеня пракуратура паведаміла, што кіраўнік канцэрну праходзіць па справе як абвінавачаны яшчэ з 30 траўня.

Ператрус праведзены таксама ў кватэры не названага па імені чальца праўленьня Audi. Як і ў выпадку Штадлера, гаворка ідзе аб абвінавачваньні ў махлярстве і падробцы. Сьледзтва лічыць, што абодва ўдзельнікі справы мелі дачыненьне да продажу эўрапейскім спажыўцам дызэльных аўтамабіляў зь няправільнымі дадзенымі пра зьмест шкодных рэчываў у выхлапных газах.

Колькасьць абвінавачаных па справе, якую адкрыла мюнхэнская пракуратура ў дачыненьні да канцэрну Audi, дасягнула 20 чалавек. На мінулым тыдні Фэдэральнае ведамства аўтамабільнага транспарту абвясьціла аб афіцыйным адкліканьні 60 тысяч мадэляў A6 і A7 у сувязі маніпуляцыямі праграмным забесьпячэньнем. У красавіку 2017 году ператрусы адбыліся ў галоўным офісе Audi. Тады гаворка ішла аб дызэльных рухавіках, якія Audi паставіў канцэрну Porsche.

Аўтамабіль Audi A6
Аўтамабіль Audi A6

Дызэльны скандал разгарэўся ў канцы 2015 году ў выніку ініцыяваных ўладамі ЗША расьсьледаваньняў. Канцэрн Volkswagen вымушаны быў прызнаць, што ва ўсім сьвеце было прададзена 11 мільёнаў аўтамабіляў, на якія было ўстаноўлена праграмнае забесьпячэньне, якое дазваляла маніпуляваць тэстамі на адпаведнасьць матораў экалягічным стандартам. Насамрэч забруджваньне адпрацаванымі газамі дызэльных аўтамабіляў Volkswagen у 40 разоў перавышала дапушчальныя нормы. Скандал выклікаў масавае адкліканьне прадукцыі канцэрну з рынку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG