Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы Канады ўспомнілі пра Курапаты ля Беларускага крыжа ў Мідлэндзе. ФОТА


На выходныя беларусы Канады ажыцьцявілі традыцыйную пілігрымку да Беларускага памятнага крыжа, што ў Прошчы пакутнікаў у Мідлэндзе ля возера Гурон.

На малебен за Беларусь, які адслужыў архіяпіскап Наваградзкі і Паўночна-Амэрыканскі Сьвятаслаў, сабралася каля 40 чалавек. Сустрэча праходзіла побач зь яшчэ адным мэмарыяльным крыжам. Ён быў пастаўлены ў 1995 годзе беларусамі Канады на сёмыя ўгодкі адкрыцьця сьвету праўды пра Курапаты.

Япіскап Сьвятаслаў
Япіскап Сьвятаслаў

— Тады, больш за дваццаць год таму, мы ня ведалі шмат якое праўды і пра чалавечыя страты ў Беларусі падчас панаваньня сталіншчыны, і пра рэальныя страты падчас Другой сусьветнай вайны. Цяпер вядома, як маніпулявалі статыстыкаю загінулых у мірны і ваенны пэрыяды часу з 1917-га па 1953 год, калі статыстыку закатаваных, расстраляных НКВД пераводзілі ў статыстыку ахвяраў тае страшэннае вайны, каб схаваць маштабы злачынстваў савецкага рэжыму, сьпіхнуўшы бальшыню рэпрэсаваных на гітлераўцаў, — кажа канадзкі беларус Аляксандар Кот.

Аляксандар Кот
Аляксандар Кот

На гранітным пастамэнце шасьціканцовы крыж, а на камені прымацаваная мэмарыяльная шыльда з надпісам на ангельскай, беларускай (лацінкаю) і францускай:

«Памяці ахвяраў камуністычнага тэрору.

Сотні тысяч нявінных ахвяраў, расстраляных у Курапатах, сотні тысяч беларускіх навукоўцаў, настаўнікаў, пісьменьнікаў, паэтаў, сялян, работнікаў, замучаных у савецкіх астрогах, ссыльных лягерах Варкуты, Калымы й Салаўкоў — мы вас не забудзем!

"Курапаты — дарога сьмерці" — сталіся сымбалем генацыду беларускага народу, учыненага над ім палітыкай савецкага рэжыму».

​Сёлета Крыж адзначае свой 30-гадовы юбілей. Ён знаходзіцца ў мясцовасьці Мідлэнд, каля 100 км на поўнач ад Таронта, над возерам Гурон на маляўнічым лясістым узгорку. На самай гары стаіць касьцёл, а навакол яго разьмешчаныя крыжы альбо алтары розных нацыянальнасьцяў: італьянцаў, партугальцаў, славакаў, харватаў, палякаў, літоўцаў, славенцаў, філіпінцаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG