Сама меней 10 чалавек загінулі, яшчэ 30 атрымалі раненьні ў нядзелю ў выніку тэракту ў правінцыі Нангархар на ўсходзе Аўганістана, паведамляе афганская служба Радыё Свабода.
Сьмяротнік падарваў сябе ля будынка губэрнатара правінцыі ў горадзе Джалалабадзе. Ні адна зь дзеючых унутры Аўганістана груповак не ўзяла на сябе адказнасьць за гэты выбух.
Гэта другі тэракт у гэтай правінцыі за выходныя. У першым, 16 чэрвеня, па дадзеных кіраўніка мясцовага Дэпартамэнта аховы здароўя, загінулі ня менш як 36 чалавек, яшчэ 65 шпіталізаваныя. Адказнасьць за падрыў сьмяротніка ў машыне адразу ж на сябе ўзяла групоўка «Ісламская дзяржава», найбольшая колькасьць баевікоў якой знаходзіцца менавіта ў гэтай правінцыі, таксама як іх асноўная база.
Выбухі адбыліся падчас першага ад 2001 года абвешчанага двухбаковага рэжыму спыненьня агню паміж аўганскімі ўладамі і экстрэмісцкім рухам «Талібан», абвешчанага ў гонар заканчэньня сьвятога для мусульман месяца Рамадан — сьвята Ураза-байрам.
Упершыню за 17 гадоў у момант часовага перамір’я ў Кабул увайшлі прадстаўнікі «Талібана» бяз зброі. Як распавядае аўстралійскі фатограф Эндру Кілці, жыхары аўганскай сталіцы віталі рашэньне экстрэмістаў.