Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Слонімам ушанавалі памяць паўстанца, якога расейцы павесілі, а цела схавалі ў вапнавым кар’еры


На могілках у вёсцы Парэчча Слонімскага раёна мясцовыя актывісты, а таксама госьці з Горадні, Баранавічаў, Ліды ўсклалі кветкі да крыжа ў гонар паўстанцаў 1831-34 гадоў.

«Магілы нашых герояў ня маем права забываць»

Паводле слонімскага актывіста Івана Бедкі, памяць паўстанцаў на могілках у Парэччы ўшаноўваюць штогод. Сёлета сюды зьехаліся больш 30 чалавек. Прамаўлялі пра лёс паўстаньня, пра ягоных герояў, ускладалі кветкі, сьпявалі гімн «Магутны Божа».

«Атамсфэра была вельмі цёплая, патрыятычная», — кажа Бедка. — І што вельмі цешыць — амаль усе выступоўцы падкрэсьлівалі, што магілы нашых герояў ня маем права забываць».

Імёны Свабоды. Міхал Валовіч

Паўстанцы Міхал Валовіч і Артур Завіша каля шыбеніцы, гравюра М. Ходзькі
Паўстанцы Міхал Валовіч і Артур Завіша каля шыбеніцы, гравюра М. Ходзькі

«І ў наш час моладзь бароніць Курапаты».

Бедка адзін з актывістаў, хто ставіў памятную шыльду Валовічу і паўстанцам. Кажа, што прыходзіць да гэтага крыжа штогод і кожны раз яго працінае ўнутранае хваляваньне.

Іван Бедка
Іван Бедка

«Міхал Валовіч жыцьцё сваё склаў на шыбеніцы ў Горадні. Яму было 26 год, яго пакаралі па загаду губэрнатара Мураўёва-вешальніка 2 жніўня 1833 года. Хаця ён мог бы сядзець у Парыжы і не вяртацца ў Слонім, — кажа Бедка — А хлопцы, якія зь ім былі ў аддзеле, — многім зь іх было ўсяго па 18 гадоў і яны, маладыя, таксама пашлі змагацца за волю. У наш час адбываецца амаль тое самае — моладзь бароніць Курапаты», — падсумоўвае Бедка.

Сёлета ўшаноўвалі паўстанцаў без міліцыянтаў

Дагэтуль невядома месца дзе знаходзіцца магіла Міхала Валовіча. Паводле адной з вэрсіяў, яго пахавалі паўстанцы, паводле іншай — цела выкупіла маці і пахавала побач з уніяцкай царквой у Парэччы, якую збудавалі Валовічы. На тым месцы, дзе яшчэ да 2003 году стаяў крыж.

На магіле паўстанцаў 1831-34 гадоў у Парэччы Слонімскага раёна
На магіле паўстанцаў 1831-34 гадоў у Парэччы Слонімскага раёна

​У 2003 годзе праваслаўны сьвятар, які прыехаў у прыход з Прыднястроўя, загадаў выкапаць крыж. Пазьней мясцовыя людзі адшукалі яго побач са Шчарай і паставілі на могілках.

Сёньня на могілках у Парэччы падчас ушанаваньня паўстанцаў лунала мноства бел-чырвона-белых сьцягоў і не было міліцыянтаў, ніхто ў цывільным з камэрамі не сачыў за прысутнымі.

***

Паўстаньне 1830–1831 гадоў, або Лістападаўскае паўстаньне — паўстаньне ў Расейскай імпэрыі на «новадалучаных» землях Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, якое распачалося 29 лістапада 1830 году, а скончылася 21 кастрычніка 1831 году. Мэтаю паўстаньня было аднаўленьне дзяржаўнасьці ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG