Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ распаўсюдзілі фэйк пра затрыманьне былога дырэктара «Беларусьфільму»


Аб затрыманьні Алега Сільвановіча паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку рэжысэр Андрэй Курэйчык. Некаторыя СМІ падхапілі і распаўсюдзілі гэтую інфармацыю. Аднак празь некаторы час сам Алег Сільвановіч пакінуў іранічную рэпліку пад пастом Курэйчыка ў ФБ.

У траўні прэсавая служба МУС паведаміла, што ў дачыненьні да былога гендырэктара кінастудыі «Беларусьфільм» была ўзбуджаная крымінальная справа за злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі.

Прэтэнзіі да былога кіраўніка кінастудыі паўсталі з-за фільма «С 8 марта, Мужчины», які выйшаў на экраны ў 2014 годзе. У гэты час «Беларусьфільм» узначальваў Алег Сільвановіч.

Паведамлялася, што расейскія кампаніі, якім Сільвановіч перадаў выключныя правы на фільм, атрымалі ад пракату амаль 3 млн даляраў, уклаўшы ў яго стварэньне 500 тысяч. Пры гэтым беларускі Мінкульт і «Беларусьфільм» прыбытку ад укладзеных сродкаў і выкарыстаньня фільма не атрымалі і ня могуць прэтэндаваць на даход з-за страты правоў.

На думку праваахоўнікаў, былы кіраўнік «Беларусьфільма» перавысіў службовыя паўнамоцтвы, бо ня меў права заключаць такой дамовы.

За сем гадоў на «Беларусьфільме» зьмянілася тры дырэктара. У 2010 годзе з пасады кіраўніка кінастудыі быў адпраўлены ў адстаўку былы ідэоляг беларускіх уладаў Уладзімір Замяталін. Некалькі месяцаў кінастудыя працавала без кіраўніка, а затым на месца Замяталіна прыйшоў Алег Сільвановіч. Праз 4 гады яго зьмяніў Ігар Поршнеў, які кіраваў кінастудыяй да 2018 году.

Цяпер яе ўзначальвае Ўладзімір Карачэўскі, які заявіў, што «Беларусьфільм» мае намер больш актыўна выходзіць на замежныя рынкі, а таксама зьняць праект, прысьвечаны гісторыі Беларусі і яе нацыянальным героям, прывёўшы ў прыклад Янку Купалу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG