Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прах Стывэна Гокінга пахавалі побач з магіламі Ньютана і Дарвіна


Прах брытанскага фізыка-тэарэтыка Стывэна Гокінга пахавалі 15 чэрвеня ў Вэстмінстэрскім абацтве ў Лёндане побач з магіламі Чарльза Дарвіна і Ісака Ньютана.

Цырымонію наведалі больш за тысячу чалавек. Пасьля цырымоніі словы Гокінга, пакладзеныя на музыку грэцкага кампазытара Вангеліса, адправілі ў космас са станцыі Сэбрэрас Эўрапейскага касьмічнага агенцтва ў Гішпаніі. Пасланьне «сьвету і надзеі» адправілі ў бок найбліжэйшай чорнай дзіркі, паведаміла дачка Гокінга Люсі.

Родныя навукоўца, які памёр 14 сакавіка ва ўзросьце 76 гадоў, разьвіталіся зь ім падчас прыватнай цырымоніі 31 сакавіка.

Гокінг — адзін з заснавальнікаў квантавай касмалёгіі. Ён вывучаў тэорыю ўзьнікненьня сьвету ў выніку Вялікага выбуху і многае зрабіў для ўдакладненьня тэорыі чорных дзіраў.

Фізык зьяўляецца аўтарам тэорыі зьнікненьня чорных дзіраў за кошт радыяцыі — зьява атрымала назву «выпраменьваньне Гокінга». Ягоная кніга «Кароткая гісторыя часу», якая выйшла ў 1988 годзе, стала бэстсэлерам і прынесла навукоўцу сусьветную славу.

Стывэн Гокінг стаў адным з самых паважаных і вядомых навукоўцаў свайго часу, нягледзячы на цяжкае захворваньне — бакавы аміятрафічны склероз, які прывёў амаль да поўнага паралічу. Апошнім часам навуковец кіраваў сваім кампутарам праз замацаваны на шчацэ датчык.

Напярэдадні 75-годзьдзя астрафізык зрабіў некалькі прадказаньняў пра будучыню зьмены клімату на Зямлі.

«Мы блізкія да таго рубяжу, пасьля якога глябальнае пацяпленьне стане незваротным. Дзеяньні Трампа (як раз у гэты момант прэзыдэнт ЗША абвясьціў аб выхадзе з Парыскага пагадненьня па клімаце — РС) могуць выпхнуць Зямлю за гэтую мяжу, пасьля чаго яна стане падобная на Вэнэру — з тэмпэратурай 250 градусаў і дажджамі зь сернай кіслаты », — заявіў ён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG