Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры найгоршыя рэчы для костак


Звычайныя прадукты і лекі, якія мы спажываем кожны дзень, могуць прывесьці да страты касьцявой масы.

Пра гэта на сайце sharecare.com пішуць Бэт Уорд і Лі Герынг.

Дыспазыцыя

Каля паловы жанчын і чвэрць мужчын некалі ў жыцьці зломяць руку, нагу або клуб з прычыны астэапарозу. Пры гэтай хваробе косткі становяцца больш крохкія і менш шчыльныя, што робіць іх слабымі і павялічвае рызыку пераломаў.

Калі вы спажываеце багатыя на кальцый малочныя прадукты, рыбу, садавіну, гародніну і рэгулярна даяце сабе фізычную нагрузку, вы на правільным шляху.

Але вы можаце зьдзівіцца, калі даведаецеся, што некаторыя прадукты харчаваньня, лекі і звычкі могуць рабіць косьці слабейшымі.

Соль

Дасьледаваньні паказалі, што прадукты з высокім утрыманьнем натрыю могуць спрыяць астэапарозу. Навукоўцы пакуль ня высьветлілі гэты мэханізм дакладна, але вядома, што калі наш арганізм выдаляе зь сябе лішак натрыю (солі), разам зь ім выдаляецца і кальцый.

Соль прысутнічае шмат у якіх прадуктах — у крамных мясных вырабах, у замарожаных або кансэрваваных харчах, у соўсах і марынадах. Нават тварог і некаторыя збожжавыя сьняданкі ўтрымліваюць у сабе соль. Таму трэба чытаць этыкеткі.

Старайцеся зьнізіць спажываньне солі да 2300 мг у дзень, а калі магчыма, то і да 1500 мг.

Газаваныя напоі

Яшчэ адна пагроза для костак — фосфарная кіслата і кафэін. Дасьледаваньні паказалі, што фосфарная кіслата зь некаторых безалькагольных напояў можа вымываць кальцый з костак, асабліва ў жанчын.

Кафэін з кока-колы таксама спрыяе страце кальцыю. Некаторыя экспэрты сьцьвярджаюць, што людзі, якія спажываюць газаваныя напоі, ставяць сябе пад пагрозу толькі таму, што газіроўка ў іх рацыёне займае месца малака.

Нацыянальны фонд астэапарозу ЗША рэкамэндуе людзям, у якіх дыягнаставаны астэапароз, абмежаваць спажываньне газаваных напояў.

Антацыдныя лекі

Лекі для зьніжэньня кіслотнасьці страўнікавага соку, ад пякоткі і гастраэзафагіяльнага рэфлюксу, якія адпускаюцца на рэцэпт, таксама могуць павялічваць рызыку пералому касьцей.

Але гэты эфэкт наступае ў тых выпадках, калі іх прымаюць рэгулярна на працягу больш за год.

Да такіх лекаў належаць і так званыя інгібітары пратоннай помпы, сярод якіх цымэтыдын, амэпразол, пантапразол і іншыя. Гэтыя рэчывы зьніжаюць здольнасьць страўніка і кішэчніка ўсмоктваць кальцый зь ежы.

Існуюць антацыды з утрыманьнем алюмінію, якія таксама здольныя зьмяншаць узровень кальцыю ў костках.

Калі вы бераце такія лекі рэгулярна — гэта нагода параіцца зь лекарам пра нейкія іншыя варыянты лячэньня.

Тытунь

Калі вам патрэбная дадатковая прычына для таго, каб кінуць паліць, вось яна. Курэньне таксама павялічвае рызыку пераломаў.

Пажылыя мужчыны і жанчыны, якія паляць, асабліва ўспрымальныя да страты касьцяной масы. З узростам наша цела пачынае паглынаць кальцый і мінэралы з костак, у выніку чаго косьці робяцца крохкімі. А курэньне, паводле навукоўцаў, спрыяе зьмяншэньню шчыльнасьці касьцей.

Таксама курэньне перашкаджае касьцям зрастацца пасьля пераломаў.

Прафіляктыка

Рэгулярная хада зьяўляецца адной з найлепшых рэчаў, якія людзі з астэапарозам могуць зрабіць для паляпшэньня здароўя касьцей. Паспрабуйце хаджэньне па лесьвіцах — гэта спалучае сардэчна-судзінныя і сілавыя нагрузкі.

Таксама трэба спажываць багатыя на кальцый прадукты — ласось, сардыны, апэльсіны, капуста, белая фасоля, марскія водарасьці, міндальнае малако і насеньне кунжуту.

Сутачная доза сонечнага сьвятла, якая дапаможа выпрацоўцы вітаміну D, таксама спрыяе здароўю касьцей, бо гэты вітамін дапамагае арганізму лягчэй засвойваць кальцый.

А для таго, каб выпрацаваць плян трэніровак і дыеты, лепш параіцца зь лекарам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG