Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытач Аркуш: У першую чаргу чытаю полацкіх. А некаторых і выдаю


Алесь Аркуш. Фота: Ягор Маёрчык

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае журналіст і пісьменьнік Алесь Аркуш.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

У нейкім сэнсе я прафэсійны чытач. Як мінімум адну кнігу я чытаю ў тыдзень, бо маю на Радыё Рацыя штотыднёвую гадзінную аўтарскую перадачу «Жыцьцё зь літаратурай», у якой, сярод іншага, раблю сюжэт пра якуюсьці кнігу. Пераважна гэта кнігі беларускіх аўтараў. Апошнім часам вырашыў высьветліць, што ў нас робіцца з паэзіяй. Таму купіў у «Акадэмкнізе» падборку паэтычных кніг апошніх гадоў. Зараз чытаю «Volumen.1» Міхала Бараноўскага і «Граматыку сьнегу» Вольгі Гапеевай.

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

Прыемна зьдзівіла мяне кніга Ганны Кандрацюк «Па Прыпяці па Нобэль». Гэта не зусім дзёньнік вандроўніцы. Гэта хутчэй адмысловае дасьледаваньне цікавага куточка ўкраінскага Палесься, які захаваў у сваім укладзе жыцьця шмат архаічнага.

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Мяне перадусім цікавіць аўтар. Калі я зацікаўлюся аўтарам, то мне робяцца цікавымі і яго кнігі.

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

У кнізе Ганны Кандрацюк «Па Прыпяці па Нобэль» прачытаў, як бабулька тлумачыла, чаму ў іх вёсцы ўсё спакойна — дзікі не дратуюць бульбу, ваўкі ня нішчаць хатнюю жывёлу. Аказалася, побач з вёскай пасяліўся воўк. Воўк не палюе каля свайго логава, таму вёску не чапае. Але сваю тэрыторыю пільнуе вельмі старанна — іншы воўк ня сунецца, ня кажучы ўжо пра дзікоў. І тут мне прыгадалася, што полацкага князя Ўсяслава называлі ў гістарычных крыніцах ваўкалакам. І пачынаеш разумець, чаму. Гэты прыпяцкі воўк, які пасяліўся каля вёскі, у нейкім сэнсе таксама князь, які забясьпечвае спакой для насельнікаў сваёй «тэрыторыі-княства».

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

Апошнім часам думаю, што рабіць зь вялікай бацькоўскай бібліятэкай, якая засталася без гаспадароў. Кожны раз, калі бываю ў бацькоўскай кватэры, пераглядаю кнігі. Шмат там і маіх кніг, шмат добра мне знаёмых, якія чытаў у дзяцінстве і юнацтве, але і шмат мне незнаёмых, якія бацькі прыдбалі, калі я ўжо зьехаў у Полацак. Перабіраючы кнігі, знайшоў раман Івана Яфрэмава «Лязо брытвы». У часы майго юнацтва ён быў шалёна папулярны. Кнігу здабыць тады я ня змог, таму і не прачытаў. Вырашыў ліквідаваць прабел. Ня вельмі мяне яна ўразіла, а з мастацкага боку падалася і слабаватая. Але для свайго часу, асабліва савецкага, гэта сапраўды была прагрэсіўная кніга. Яшчэ раз пераканаўся, што некаторыя кнігі з часам жоўкнуць і тухнуць, а іншыя толькі дасьпяваюць, як дарагі каньяк.

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Мяне перадусім цікавяць полацкія аўтары — Уладзімер Арлоў, Вінцэсь Мудроў, Ірына Жарнасек, Алена Ніякоўская, Сяргей Шыдлоўскі і іншыя, якіх я чытаю ў першую чаргу. А некаторых і выдаю.

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

Напэўна такіх кніг было нямала. Але найбольш гучны сьмех у мяне выклікала кніга Артура Клінава «Шалом». Тут мушу крыху патлумачыць. Гэтыя вясёлыя гісторыі, апісаныя Клінавым у рамане, пазнавальныя, штосьці падобнае было, або магло быць, і з табой. Або ты ведаеш герояў, зь якімі такое было. Таму сьмех тут памнажаўся ў квадраце, або ў кубе.

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Часам кніга мяне ўводзіць у рамантычна-ўзьнёслы стан, і тады сапраўды фінальная сцэна, выпісаная ў галівудзкім стылі, з хэпі-эндам, можа выклікаць у мяне сьлёзы. Было такое ня раз.

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

Кніга Альгерда Бахарэвіча «Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры». Я не зразумеў, чаму можна кпіць з таго, што нехта піша, маўляў, яму больш дарагая ягоная родная вёсачка, родны куточак, за Парыж, нават калі ён у тым Парыжы ніколі ня быў. Я якраз так лічу, што родны куточак мусіць быць даражэйшы за ўсе парыжы, лёнданы і нью-ёркі. Да таго ж я не зразумеў, чаму Бахарэвіч нічога не напісаў пра паваенную беларускую эміграцыю, якая жыла ў Парыжы? Або пра мастакоў? Нейкая аднабаковая атрымалася выбарка тых беларусаў, якія пісалі пра Парыж, або жылі і гасьцявалі там.

Нечаканы Пазьняк, або З «Вышыні» незабыўнага мінулага

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Зусім не чытаю папсовыя, маскультурныя кнігі, пра што б там ні пісалі.

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

Чытаю пераважна папяровыя кнігі і з таго маю вялікую праблему. Бо калі недзе затрымліваюся на нейкі час, то там хуценька зьбіраецца мая чарговая лякальная бібліятэка.

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Ведаю збольшага. Але часам вельмі доўга шукаю патрэбную кнігу. Гады два таму вырашыў перачытаць раман Анатоля Кіма «Вавёрка». І вось толькі нядаўна тая кніга знайшлася. І тое толькі таму, што мая Тацяна пачала рамонт у кладоўцы, каб зрабіць там гардэробную, і выграбла адтуль можа з сотню кніг, сярод якіх і хавалася «Вавёрка» Кіма.

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Такіх кніг у мяне шмат. Я адмыслова за імі не палюю, яны самі да мяне прыбіваюцца. Напрыклад, у мяне ёсьць кніга Салтыкова-Шчадрына з аўтографам. Я яе знайшоў у гары сьпісаных кніг у Жодзіне. Ад непатрэбных кніг пазбаўлялася бібліятэка Смалявіцкай ДРЭС, якая месьцілася ў Доме культуры Смалявіцкай ДРЭС (думаю, кнігі зь яцямі прывезьлі расейскія спэцыялісты, якія прыехалі працаваць пасьля вайны на жодзінскую цеплавую станцыю). Большасьць старых кніг я выратаваў ад макулятурнага зьнішчэньня. Сярод іх была і гэтая шыкоўная кніга Салтыкова-Шчадрына «Сучасная ідылія», 1883 году выданьня. Разглядаючы яе, я заўважыў аўтограф — кніга была падпісаная Н. П. Арлову. Ужо ў часы «Тутэйшых» я расказаў пра гэтую кнігу Анатолю Сысу. Той загарэўся разблытаць яе гісторыю, сказаў мне, што гэта ягоны любімы занятак. Я прывёз яму гэтую кнігу. Праўда, мне ня вельмі верылася, што Анатоль будзе ёй сур’ёзна займацца. Але той напісаў ліст у тагачасную ленінградзкую бібліятэку Салтыкова-Шчадрына, а адтуль яму адказалі, патлумачылі, хто такі Н. П. Арлоў (пісьменьнік Н. Севераў) і нават працытавалі ўрывак з успамінаў Арлова, які апісвае, як тую кнігу падпісаў яму Салтыкоў-Шчадрын. Таму гэта кніга мне надзвычай дарагая.

Ёсьць у мяне яшчэ томік вершаў Міхала Карыцкага «Carmina», які выдалі полацкія езуіты ў 1817 годзе. Нехта напісаў мне ў ФБ, што такой кнігі няма ў ніводнай бібліятэцы Беларусі. Такім чынам мой асобнік, магчыма, адзіны ў Беларусі.

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

Неяк у 90-х я ўзяў інтэрвію для часопіса «Arche» ў Янкі Сіпакова і сказаў яму, што мне вельмі цікава было б прачытаць ягоныя першыя паэтычныя зборнікі. І як я быў зьдзіўлены, калі неўзабаве атрымаў па пошце бандэролю зь ягонымі першымі зборнікамі «Лірычны вырай» і «Дзень», з цёплымі подпісамі. «Дзень» мне асабліва падабаецца. Вельмі моцная кніга. На адной зь літаратурных імпрэзаў я атрымаў у падарунак кнігу Германа Кірылава «Гарт. Саюз Беларускіх Патрыётаў». Кнігу мне ўручылі былыя сябры СБП Леў і Марыя Бялевічы, прычым кніга мела аўтографы ўсіх на той час жывых сяброў СБП.

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Мой любімы герой — геніяльны падробшчык дакумэнтаў Іван Шагойка з майго раману «Спадчына».

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

Чытаў шмат. Найбольш мне падабаліся кнігі пра вандроўкі Лівінгстана, Арсеньнева, Обручава… Добра памятаю вокладкі гэтых кніг. Увогуле ў сваю першую бібліятэку, якая тады месьцілася ў былой драўлянай хаце бацюшкі жодзінскай царквы, я запісаўся ў 8 гадоў. Дарэчы, якраз у гэтай хаце ў 1960 годзе мяне таемна пахрысьцілі.

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

Усе энцыкляпэдычныя даведнікі пра ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў, якія выдаў Леанід Маракоў.

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

Вінцэся Мудрова, бо нешта даўно мы зь ім не сядзелі ў маёй альтанцы над Дзьвіной. Яшчэ хацеў бы пабачыцца з жодзінскім пісьменьнікам Іванам Сіняўскім, якога ўжо няма на гэтым сьвеце. Бо маю да яго шмат пытаньняў. Ну і з Властам варта пабачыцца.

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

Сяргея Шыдлоўскага.

Што вы перачытваеце?

Вершы Максіма Багдановіча, Максіма Танка, Алеся Разанава, Алега Мінкіна, Генадзя Айгі, Віктора Сасноры… Кнігі Яна Баршчэўскага, Вацлава Ластоўскага, Кузьмы Чорнага…

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

Раман Анатоля Кіма «Вавёрка».

Літанкета Свабоды: Алесь Аркуш

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG