Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макрон хоча зрабіць францускую асноўнай мовай Эўразьвязу — WSJ


Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон разьлічвае, што на фоне выхаду Вялікабрытаніі з Эўразьвязу асноўнаю моваю ў дакумэнтах ЭЗ стане француская. Пра гэта паведамляе The Wall Street Journal.

Паводле выданьня, у сакавіку лідэр Францыі заявіў, што дамінаваньне ангельскай не зьяўляецца непазьбежным для ЭЗ. Макрон лічыць, што краінам Эўразьвязу варта вярнуцца да сытуацыі да 1973 году, калі француская была асноўнаю моваю справаводзтва. Цяпер больш за 80 адсоткаў дакумэнтаў ЭЗ публікуецца на ангельскай мове.

Як піша The Wall Street Journal, у красавіку прадстаўнік Францыі ў Эўразьвязе адмовіўся ўдзельнічаць у нарадзе па бюджэце, бо яна вялася на ангельскай мове. Адзін з дыпляматаў распавёў выданьню, што пасьля гэтага ўсе астатнія дэлегаты таксама запатрабавалі перакладу на іх родныя мовы, хоць да гэтага ні ў кога не было праблем з тым, каб гаварыць па-ангельску.

The Wall Street Journal сьцьвярджае, што ідэю Макрона падтрымлівае кіраўнік Эўракамісіі Жан-Клёд Юнкер.

У Эўразьвязе 24 афіцыйныя мовы і тры працоўныя: ангельская, француская і нямецкая. СМІ адзначаюць, што ў рэальнасьці самай папулярнай мовай у ЭЗ лічыцца ангельская, хоць афіцыйнаю яна зьяўляецца толькі ў Вялікабрытаніі, Ірляндыі і на Мальце. Як першая замежная мова ангельскую вывучаюць у 80 працэнтах школ Эўразьвзу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG