Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апраўдальны прысуд кіраўніку карэльскага «Мэмарыялу» скасавалі


Юры Дзьмітрыеў

Вярхоўны суд Карэліі — рэспублікі ў складзе Расейскай Фэдэрацыі — скасаваў апраўдальны прысуд і накіраваў на новы разгляд крымінальнай справу кіраўніка карэльскага аддзяленьня праваабарончай арганізацыі «Мэмарыял» Юрыя Дзьмітрыева. Пра гэта паведаміў адвакат Дзьмітрыева Віктар Ануфрыеў.

Паводле адваката, суд спаслаўся на заключэньне псыхоляга, якім указваліся «новыя абставіны» справы.

У красавіку Дзьмітрыева апраўдалі паводле артыкулаў аб распусных дзеяньнях і вырабе дзіцячай парнаграфіі. Пры гэтым яго прызналі вінаватым у захоўваньні зброі за знойдзеныя ў яго пры ператрусе фрагмэнты стрэльбы. Яму тады было прызначана абмежаваньне волі тэрмінам на два з паловай гады. У Расеі такая мера пакараньня супастаўная з хатнім арыштам і абавязвае асуджанага рэгулярна рэгістравацца ў наглядным органе.

Бок абвінавачаньня прасіў пакараць Юрыя Дзьмітрыева 9 гадамі калёніі строгага рэжыму. Абарона настойвала на поўнай невінаватасьці гісторыка. Сам праваабаронца заявіў у сваім апошнім слове, што не прызнае віны.

Кіраўніка карэльскага «Мэмарыялу» арыштавалі ў сьнежні 2016 году. Падставай для распачынаньня справы супраць гісторыка сталі фатаграфіі аголенай прыёмнай дачкі, якія той захоўваў на кампутары. 2 сакавіка 2017 году яму выставілі абвінавачаньні ў распусных дзеяньнях, незаконным набыцьці зброі і фотаздымцы ў дачыненьні да асобы, якая не дасягнула чатырнаццацігадовага ўзросту. Абарона настойвае, што фатаграфіі Дзьмітрыеў рабіў, каб фіксаваць фізычнае разьвіцьцё дзяўчынкі.

У канцы студзеня праваабаронцы выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG