Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сага пра карупцыю працягласьцю чвэрць стагодзьдзя


Архіўнае фота. Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з выбарнікамі. Шклоў, 1994 год
Архіўнае фота. Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з выбарнікамі. Шклоў, 1994 год

Чвэрць стагодзьдзя таму, на пачатку чэрвеня 1993 году, тагачасны Вярхоўны Савет стварыў антыкарупцыйную камісію, кіраваць якой даручылі дэпутату Лукашэнку. Тады мала хто прадбачыў, што з гэтай ня надта значнай падзеі пачнецца ўзыходжаньне шараговага дэпутата на палітычны алімп, зь якога ён ня сыдзе на працягу прынамсі двух з паловай дзесяцігодзьдзяў.

Ніхто ня можа папракнуць Аляксандра Лукашэнку ў тым, што ён забыўся на праблему, якая некалі прывяла яго ў прэзыдэнцкае крэсла. У змаганьні з карупцыяй ён пасьлядоўны: як прабіраў карупцыянэраў у 1993-1994 гадах, так працягвае і цяпер. Вось некалькі цытат. Сказаныя гэтыя словы на розных нарадах у 2018 годзе, але аднолькава актуальна маглі прагучаць і ў 1993-м, і ў 2003-м, і ў 2013-м.

  • «Справы няма, вынікаў няма, а ён пры людзях, пачынаючы ад лазьні і заканчваючы ўласным (і для дзяцей, і для сябе) жыльлём, указаньні раздае».
  • «Ад мяне літасьці не чакайце, ніхто. Не таму, што я крыважэрны, а таму, што карупцыя нішчыць усё».
  • «На жаль, ня ўсе праваахоўныя органы працуюць эфэктыўна. Паборы, „адкаты“, паднашэньні, махінацыі зь бюджэтнымі сродкамі да гэтага часу ня зжытыя ў Беларусі».

Словы засталіся прыблізна тымі ж, што ў 1993-м, але як зьмяніліся маштабы карупцыянэраў за гэты час! Як нешта анэкдатычнае і амаль бяскрыўднае згадваецца эпізод, калі дэпутат Лукашэнка ў сьнежні 1993-га выкрываў кіраўніка краіны Шушкевіча ў тым, што той нібыта недаплаціў некалькі даляраў брыгадзе, якая рамантавала ягонае сьціплае лецішча ў шараговым дачным каапэратыве (славутая ў свой час справа пра «скрынку цьвікоў»). І якія маштабы цяпер, праз 25 гадоў пасьля Шушкевічавых цьвікоў! Асабістага памочніка Лукашэнкі Сяргея Раўнейку затрымліваюць пры спробе атрымаць хабар памерам 200 тысяч даляраў.... Старшыня КДБ Валеры Вакульчык пацьвердзіў, што затрымана некалькі службовых асоб высокага ўзроўню, адна зь якіх брала хабар у 140 тысяч даляраў: неўзабаве чакаюцца падрабязнасьці.

Што ж адбылося з самой гэтай зьявай у Беларусі за мінулыя 25 год бескампраміснай і «жэстачайшай» барацьбы зь ёй?

Калі цяперашняму чыноўніку паказаць усе тыя прывілеі, якімі валодаў ягоны савецкі папярэднік, ён, напэўна, скрывіцца ад саркастычнай усьмешкі.

Калі цяперашняму чыноўніку паказаць усе тыя прывілеі, якімі валодаў ягоны савецкі папярэднік, ён, напэўна, скрывіцца ад саркастычнай усьмешкі. Сакратар райкаму партыі (адзін з галоўных кіраўнікоў раёну) пры БССР жыў зь сям’ёй з чатырох чалавек у тыпавой кватэры плошчай 80 квадратных мэтраў у звычайным блёчным доме. Без шлагбаўма, без аховы і нават без кансьержкі. Пра трохпавярховую вілу за горадам на беразе возера і казаць сьмешна... Што яшчэ лічылася прывілеямі? Раз на тыдзень — прадуктовы набор з вэнджанай каўбасой і распушчальнай кавай. Раз на год — адпачынак у санаторыі «Беларусь» у Сочы ці Ялце. Вось, бадай, і ўсё. Між іншым, набываць легкавы аўтамабіль у прыватную ўласнасьць партыйным работнікам было забаронена, роўна як і дачны ўчастак... Гэта ня значыць, што партыйныя функцыянэры не маглі сабе дазволіць большага. Сакратары райкамаў мелі службовыя аўтамабілі, кіраўнікі вобласьцяў і вышэй - службовыя дачы. Але любыя яўныя праявы павышанага дабрабыту, не прадугледжаныя афіцыйна, вельмі хутка маглі прывесьці (і прыводзілі) да суровых «аргвысноў», да абвінавачваньня ў асабістай нясьціпласьці, да пэрсанальнай справы на разглядзе парткамісіі, да рэальнай пагрозы «пакласьці партбілет на стол». Тое ж тычылася і ўрадавых чыноўнікаў: так, у 1970-я на бюро ЦК КПБ быў зьняты з пасады міністар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі за тое, што зрабіў "нясьціплы" рамонт у кватэры.

А сёньня? Фактычна ўсе цяперашнія насельнікі Драздоў — легальныя даляравыя мільянэры. Такімі іх зрабіў Лукашэнка, шырокім жэстам адмераўшы кожнаму па восем-дзесяць сотак несваёй зямлі ў прэстыжным раёне Менску. Рынкавы кошт любога ўчастка — сотні тысяч даляраў. Зразумела, што кожны ашчасьліўлены такім чынам міністар ці банкір усьлед за гэтым узяў ільготны крэдыт у дзяржаўным банку, хутка пабудаваў дамок (часта падобны на палац) і такім чынам стаў уласьнікам аб’екта нерухомасьці рынкавым коштам у раёне аднаго мільёна даляраў. Некаторыя, дарэчы, гэтыя дамы ўжо прадалі (і, як правіла, ня менш як за мільён), некаторыя здаюць у арэнду па 5-6 тысяч даляраў за месяц. Магчыма, Лукашэнка і сапраўды спадзяваўся, што, зрабіўшыся мільянэрамі, яны не захочуць станавіцца мільярдэрамі і ня будуць спакушацца на хабар?

Пры Лукашэнку створана новая прывілеяваная каста, абсалютна непадкантрольная грамадзтву, якая калі каго і баіцца, то толькі яго асабіста.

Гэткія ж рытарычныя пытаньні ўзьнікаюць і ў сувязі з высокімі заробкамі чыноўнікаў (якія да таго ж няспынна растуць), і іхнымі льготнымі павышанымі пэнсіямі, і спэцыяльнымі чыноўніцкімі паліклінікамі... Робіцца гэта нібыта якраз дзеля таго, каб чыноўнік не спакушаўся на хабар. Маўляў, будзе ў яго ўсяго ўдосталь — ня будзе патрэбы рызыкаваць ды шукаць незаконных прыбыткаў. Сумнеўная лёгіка. Паводле сьцьвярджэньняў дасьведчаных у гэтай тэме людзей, усё гэта вядзе ня столькі да большай сьціпласьці чыноўнікаў, колькі да іхных большых апэтытаў, большага памеру хабару. Па сутнасьці, пры Лукашэнку створана новая прывілеяваная каста, абсалютна непадкантрольная грамадзтву, якая калі каго і баіцца, то толькі яго асабіста.

Асобная вялікая тэма — чыноўніцкая пыха, фанабэрыстасьць. Не адчуваючы ўласнай адказнасьці перад людзьмі, ніяк не залежачы ад грамадзкіх сымпатый ды антыпатый, многія зь іх і паводзяць сябе падобным чынам. Гэта перад вышэйшым начальствам яны — з паўсагнутымі сьпінамі і сабачым позіркам, а перад шараговымі просьбітамі, якія тыднямі чакаюць прыёму — размова «цераз губу». Такое ўражаньне, што многія зь іх даўно жывуць у нейкім паралельным сьвеце, надзейна аддзеленым ад астатняга грамадзтва: у кабінэце — сакратарамі і міліцэйскімі пастамі, у побыце — шлагбаўмамі, агароджай і аховай спэцпасёлка, нават у мэдабслугоўваньні — спэцпаліклінікай і спэцбальніцай.

Лукашэнка часта і патасна гаворыць пра карупцыю. І чым горшая ў краіне эканамічная сытуацыя, тым часьцей і больш сувора. Ён, несумненна, адчувае ступень азлобленасьці і раздражнёнасьці грамадзтва супраць чыноўнікаў, супраць той бездані, якая ўсё больш аддзяляе гэтую касту ад шараговага абываталя. Як і раней, ён застрашвае, запалохвае, папярэджвае, шматкроць паўтарае адны і тыя ж страшылкі («У труне кішэняў няма»; «Я вас папярэджваў»), але НІКОЛІ не гаварыў і не гаворыць пра першапрычыну, якая сілкуе карупцыю і заглыбляе яе карані. А галоўная прычына насамрэч — у самой сыстэме, калі чыноўнік надзелены мала чым абмежаванай уладай; калі любое больш-менш важнае рашэньне залежыць выключна ад ягонага подпісу; калі людзі ня маюць магчымасьці выбіраць кіраўніка свайго рэгіёну і прымусіць яго трымаць справаздачу за свае рашэньні. Калі няма ні незалежных дэпутатаў, ні свабоднай прэсы, а значыць — ніякага грамадзкага кантролю за дзейнасьцю надзеленага вялікай уладай функцыянэра.

Нават прыстойны чалавек, які трапляе ў гэтую сыстэму, часам вымушаны дзейнічаць паводле гэтых правілаў. «Я не бяру і не хачу браць, а яны ўсё роўна нясуць», — казаў мне адзін знаёмы, які воляй лёсу трапіў на працу ў аддзел гарвыканкаму, які займаецца выдзяленьнем зямельных участкаў пад будаўніцтва. Што праўда, доўга ён там не ўтрымаўся.

«Вэртыкаль улады» для Лукашэнкі недатыкальная. Найперш таму, што гарантуе ягонае асабістае бестэрміновае пажыцьцёвае прэзыдэнцтва.

Цяжка ўявіць, што ўсяго гэтага ня бачыць ці не ўсьведамляе Лукашэнка. Фактычна ўсіх самых высокапастаўленых карупцыянэраў прызначаў на іхныя высокія пасады ён сам асабіста. Але, выглядае, «вэртыкаль улады» для яго недатыкальная. Найперш таму, што гарантуе ягонае асабістае бестэрміновае пажыцьцёвае прэзыдэнцтва. А таму нічога ў агляднай будучыні ў гэтай справе ня зьменіцца.

Калі верыць афіцыйнай статыстыцы, колькасьць карупцыйных злачынстваў апошнім часам толькі расьце. Нягледзячы на ўсе запалохваньні і арышты. Атрымліваецца, вушы чуюць, вочы баяцца — а рукі грабуць. Кажуць, некаторыя зь іх прадчуваюць набліжэньне канца сыстэмы і няпэўнасьць уласнай будучыні, адсюль такое асабліва зацятае імкненьне ўхапіць, пакуль усё ня скончылася.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG