12 чэрвеня ў фэдэральным судзе ў Вашынгтоне пяці расейскім і тром сырыйскім бізнэсоўцам былі прад’яўленыя абвінавачваньні ў адмываньні грошай і выкарыстаньні крымскай суднаходнай кампаніі для адпраўкі авіяцыйнага паліва ў Сырыю. Абвінавачаным можа пагражаць да 25 гадоў турмы.
Нароўні з крымінальным перасьледам адказьнікам пагражаюць вялікія штрафы.
«Санкцыі ЗША ў дачыненьні да Сырыі і Крыму перашкаджаюць Сырыі падтрымліваць тэрарызм і выкарыстоўваць зброю масавага зьнішчэньня, а таксама перашкаджаюць дзеяньням тых, хто імкнецца падарваць дэмакратычныя працэсы і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны», — сказаў памочнік генэральнага пракурора Джон Дэмерс.
Восем чалавек абвінавачваюць у стварэньні падстаўных кампаній і выкарыстаньні фальшывых дакумэнтаў і справаздач аб дастаўцы з мэтай абысьці амэрыканскія санкцыі, якія дзейнічаюць у дачыненьні да сырыйскага рэжыму.
Размова таксама ідзе пра меркаванае выкарыстаньне танкераў, якія належаць расейскай кампаніі, для незаконнай дастаўкі ў Сырыю авіяпаліва і іншых матэрыялаў.
Калі ўсе абвінавачаньні будуць даказаныя ў судзе, расейцам і сырыйцам пагражае да 25 гадоў пазбаўленьня волі.