Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына: даты і парадак прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў абвесьціць Лукашэнка


Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка абвесьціць даты і парадак прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў у Беларусі ўвесну 2019 году падчас традыцыйнага пасланьня Нацыянальнаму сходу і беларускаму народу. Такое меркаваньне старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына выказала 12 чэрвеня ў размове са Свабодай.

Яна нагадала, што, паколькі парлямэнцкія выбары ў Беларусі праводзяцца раз на чатыры гады, а прэзыдэнцкія — раз на пяць, то «так супадае, што абедзьве выбарчыя кампанія прыпадаюць на 2020 год».

«Я па-ранейшаму ўпэўненая, што іх трэба разьвесьці па розных гадах. Што праводзіць раней, гэта пытаньне для найвышэйшага кіраўніцтва Беларусі» — лічыць Лідзія Ярмошына.

Яна дадала, што ЦВК цяпер рыхтуе праект каштарысу для правядзеньня выбараў.

Лукашэнка маўчыць пра зьмены выбарчага заканадаўства

Старшыня ЦВК таксама паведаміла, што ўсе прапановы аб зьмяненьні выбарчага заканадаўства па-ранейшаму знаходзяцца ў прэзыдэнта.

«Нам была каманда да 1 лютага 2017 году падрыхтаваць такія прапановы. Дзеля гэтага пры Цэнтральнай камісіі стварылі міжведамасную групу. Яна распрацавала неабходныя дакумэнты, у якіх, дарэчы, ёсьць і некаторыя ініцыятывы, якія выказвала дэпутатка Ганна Канапцкая. Мы своечасова аддалі прапановы кіраўніку дзяржавы», — нагадвае старшыня ЦВК.

Паводле яе, Аляксандар Лукашэнка зьбіраўся праводзіць вялікую нараду, на якой меркавалася дыскусія аб зьменах.

«Аднак на сёньняшні дзень інфармацыі аб часе правядзеньня гэтай нарады ў ЦВК няма» — паведаміла Лідзія Ярмошына.

Дэпутаты могуць ініцыяваць зьмены самастойна

У Цэнтральную выбарчую камісію днямі паступіў зварот дэпутата Палаты прадстаўнікоў Анатоля Лукашова. Ён пераслаў праект зьменаў у выбарчае заканадаўства ад актывісткі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Натальлі Стрэльчанкі.

«Мне давялося тлумачыць, што Цэнтральная выбарчая камісія ня мае права заканадаўчай ініцыятывы. А вось дэпутаты такім правам валодаюць. Таму спадару Лукашову патрэбна падрыхтаваць адпаведны законапраект і ўносіць яго на разгляд калегаў», — сказала Лідзія Ярмошына.

Чаму Лукашэнка «адмяніў» рэфэрэндум

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG