Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БРСМ БДУ запрашаў моладзь у Крым, але хутка выдаліў абвестку


Спартовае сьвята ў Севастопалі, акупаваным Расеяй
Спартовае сьвята ў Севастопалі, акупаваным Расеяй

9 чэрвеня ў суполцы «ЎКантакце» на сайце пярвічнай арганізацыі БРСМ у БДУ зьявілася абвестка, у якой «таленавітых мастакоў, рэжысэраў, актораў, фатографаў» запрашалі ўзяць удзел у расейскім моладзевым форуме «Таўрыда», які пройдзе ў Крыме з 16 па 31 ліпеня. 11 чэрвеня абвестка зьнікла.

​Як паведамляе сайт «Росмолодежь», «„Таўрыда“ — гэта „галоўная пляцоўка для маладых дзеячоў культуры і мастацтва“. „Таўрыда“ фармуе прафэсійныя супольнасьці, спрыяе самарэалізацыі і прасоўваньню маладых людзей, выхоўвае ў іх імкненьне да захаваньня культурнай спадчыны і стварае новыя традыцыі». Першы міжнародны моладзевы форум «Таўрыда» прайшоў у Крыме ў 2014 годзе. Арганізатарамі зьлёту выступілі Агульнарасейскі народны фронт і «Росмолодежь». З 2014 году форумы праходзяць штогод. Арганізатары аплочваюць пражываньне, харчаваньне, удзел у праграме, а ўдзельнікі — праезд да Сымфэропаля.

На пытаньне Свабоды, ці не баяцца лідэры ўнівэрсытэцкай арганізацыі БРСМ парушыць законы Ўкраіны, заклікаючы маладых людзей ехаць у Крым, быў кароткі адказ: «Мы ўжо зьнялі абвестку. Без камэнтароў». Сапраўды, каля 17 гадзіны 11 чэрвеня абвесткі ўжо не было.

Згодна з пастановай Кабінэту міністраў Украіны ад 4 чэрвеня 2015 году «Аб зацьвярджэньні парадку ўезду на часова акупаваную тэрыторыю Ўкраіны і выезду зь яе» замежныя грамадзяне могуць наведаць Крым толькі па адмысловым дазволе. Умовы, пры якіх выдаецца дазвол, дакладна прапісаныя ў пастанове (наведваньне сваякоў, магіл сваякоў, сьмерць блізкіх, наяўнасьць нерухомасьці і яшчэ некалькі выпадкаў).

Паводле ўкраінскага заканадаўства ў выпадку парушэньня іншаземцамі правілаў перасячэньня адміністрацыйнай мяжы Крыму ім не дазваляецца наведаць Украіну і прымаецца рашэньне аб забароне ўезду ва Ўкраіну. Акрамя таго, за наведваньне Крыму замежнікам можа пагражаць ня толькі адміністрацыйная, але і крымінальная адказнасьць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG