Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Паўднёвай Карэі спадзяюцца на посьпех саміту Трампа і Кім Чэн Ына


Ілюстрацыйнае фота. Прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Ін напярэдадні саміту КНДР і Паўднёвай Карэі
Ілюстрацыйнае фота. Прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Ін напярэдадні саміту КНДР і Паўднёвай Карэі

У краіне вырасьлі рэйтынгі як амэрыканскага, так і паўночнакарэйскага лідэраў.

Жыхары Паўднёвай Карэі спадзяюцца, што прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу і паўночнакарэйскаму лідэру Кім Чэн Ыну падчас сустрэчы ў Сынгапуры ўдасца палепшыць пэрспэктывы ўстанаўленьня трывалага міру ў рэгіёне, нават калі ім ня ўдасца дасягнуць якога-небудзь канкрэтнага пагадненьня аб дэнуклеарызацыі, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Грамадзкая падтрымка

Перад сустрэчай Трампа і Кім Чэн Ына ў Сынгапуры ў Сэуле прайшлі мітынгі, арганізаваныя групамі, якія заклікаюць абодвух лідэраў пакласьці канец ядзернаму супрацьстаяньню ЗША і Паўночнай Карэі з дапамогай падпісаньня мірнай дамовы.

Кансэрватыўныя арганізацыі таксама правялі дэманстрацыі, заклікаючы ЗША не ісьці на кампраміс з рэпрэсіўным урадам Кім Чэн Ына, які парушаў папярэднія абяцаньні, што тычыліся дэнуклеарызацыі.

Аднак апытаньні грамадзкай думкі сьведчаць аб магутнай падтрымцы дыпляматычных намаганьняў прагрэсіўнага прэзыдэнта Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Іна, накіраваных на тое, каб пераканаць паўночнакарэйскага лідэра пагадзіцца на перамовы аб дэнуклеарызацыі. Паводле апытаньня Gallup, дзейнасьць Мун Чжэ Іна ўхваляюць 75 адсоткаў жыхароў краіны.

Рост рэйтынгу абодвух лідэраў

Папулярнасьць Кім Чэн Ына таксама значна павялічылася пасьля міжкарэйскага саміту ў красавіку, пасьля якога многія палічылі, што ён не ўяўляе пагрозы і адкрыты да кампрамісу.

Паводле апытаньня Gallup, рэйтынг Кім Чэн Ына ў Паўднёвай Карэі вырас на 10 пунктаў, да 31 адсотка.

Напярэдадні саміту рэйтынг амэрыканскага прэзыдэнта Дональда Трампа ў Паўднёвай Карэі вырас на 8 пунктаў, да 32 адсоткаў.

Раней жыхары Паўднёвай Карэі адчувалі занепакоенасьць з нагоды заяваў Трампа, які пагражаў ужыць ваенную сілу ў выпадку неабходнасьці для ліквідацыі паўночнакарэйскай ядзернай пагрозы, а таксама вывесьці амэрыканскія войскі з Карэі, калі Сэул не павялічыць выдаткі на абарону. Трывогу выклікала таксама крытыка Трампа з нагоды несправядлівых гандлёвых практык.

Трывогі напярэдадні саміту

Многія сэульцы па-ранейшаму асьцерагаюцца, што ЗША і Паўночная Карэя ня змогуць урэгуляваць свае рознагалосьсі, паколькі Вашынгтон настойвае на поўнай дэнуклеарызацыі да зьняцьця санкцыяў, а Пхэньян хоча атрымаць саступкі, зьвязаныя з кожнай фазай гэтага працэсу.

Трамп ужо заяўляў пра адмену саміту і казаў, што гатовы выйсьці зь перамоўнага працэсу, калі Кім Чэн Ын ня прыме абавязацельства закрыць сваю ядзерную праграму.

Але ў цэлым сэульцы чакаюць ад саміту ў Сынгапуры станоўчых вынікаў, якія зьнізяць верагоднасьць ваеннага канфлікту і будуць спрыяць прагрэсу мірнага працэсу.

Некаторыя прыкметы таксама ўказваюць на тое, што Паўднёвая Карэя, Кітай і Расея гатовыя актывізаваць эканамічныя сувязі з Паўночнай Карэяй у выпадку дасягненьня пагадненьня па ядзернай праграме. Заключэньне пагадненьня дасьць магчымасьць адмяніць жорсткія міжнародныя санкцыі, якія абмяжоўваюць 90 адсоткаў гандлю з КНДР.

У пятніцу афіцыйныя асобы з Паўднёвай Карэі наведалі сумесны прамысловы комплекс Кэсон на тэрыторыі Паўночнай Карэі, які быў зачынены ў 2016 годзе пасьля праведзенага КНДР ядзернага выпрабаваньня. Візыт можа сьведчыць аб падрыхтоўцы да аднаўленьня работы комплексу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG