Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар Заяц дапусьціў, што Расея падтасоўвае вынікі лябараторных дасьледаваньняў беларускай «малочкі»


Міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Леанід Заяц
Міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Леанід Заяц

Міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Леанід Заяц пракамэнтаваў сытуацыю з абмежаваньнем на пастаўкі беларускага малака, уведзеныя Рассельгаснаглядам, і выказаў здагадку, што вынікі лябараторных дасьледаваньняў нашай прадукцыі «можа быць, і падтасоўваюцца» расейскім бокам.

«За апошні час вельмі шмат было такіх прыкладаў, калі дамаўляемся, а не вытрымліваюцца ўмовы дамовы з расейскага боку. Мы бачым, што бывае прадузятае стаўленьне з боку Рассельгаснагляду адносна нашых прадпрыемстваў. Неабгрунтаваныя абвінавачваньні з боку іх спэцыялістаў. Гэта выяўляецца на малочных прадпрыемствах, птушкагадоўлі, можа нават і падтасоўваюцца вынікі лябараторных дасьледаваньняў», — заявіў Заяц у эфіры праграмы «Контуры» на тэлеканале АНТ.

Паводле Леаніда Зайца, «трэба Беларусі больш мэтанакіравана, напорыста працаваць па абароне сваіх інтарэсаў». Больш актыўна ўзаемадзейнічаць з расейскім бокам павінны быць і беларускія прадстаўнікі ў Эўразійскай эканамічнай камісіі, і Міністэрства замежных спраў і іншыя ведамствы.

У суботу Расея і Беларусь дамовіліся аб зьняцьці ўзаемных абмежаваньняў па пастаўках малочнай прадукцыі. Адпаведную «дарожную мапу» па працэдуры зьняцьця абмежаваньняў 9 чэрвеня падпісалі Рассельгаснагляд і дэпартамэнт вэтэрынарнага і харчовага нагляду Беларусі. «Дарожная мапа» падпісаная ў рамках дасягнутых раней урадамі дзьвюх краін дамоўленасьцяў і разьлічаная на 2018 год.

Адказваючы на пытаньне аб магчымасьці паўтарэньня сытуацый з абмежаваньнямі беларускай прадукцыі ў будучыні, Заяц адзначыў, што «за апошні час вельмі шмат такіх прыкладаў, калі дамаўляліся, а не вытрымліваюцца ўмовы дамовы з расейскага боку».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG