Міністры замежных спраў Нямеччыны, Францыі, Расеі і Ўкраіны сустрэнуцца ў Бэрліне 11 чэрвеня, каб абмеркаваць канфлікт на Данбасе. Чакаецца, што адным з цэнтральных будзе пытаньне аб разгортваньні міратворчай місіі ААН.
Ўсе бакі перамоваў падтрымліваюць такую місію, але маюць розныя пазыцыі адносна яе мандату.
Украіна, Нямеччына і Францыя хочуць, каб войскі ААН былі разгорнутыя на ўсіх тэрыторыях, якія кантралююць баевікі пры падтрымцы з боку Расеі, у тым ліку на расейска-ўкраінскай мяжы. Масква выступае супраць гэтай ідэі.
З красавіка 2014 году на Данбасе загінулі больш за 10 300 чалавек.
6 чэрвеня Рада Бясьпекі ААН заклікала ўсе бакі канфлікту выканаць дамоўленасьці 2015 году і выказала «сур’ёзную занепакоенасьць» у сувязі з пагаршэньнем сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны. Усе 15 чальцоў Рады Бясьпекі, уключаючы Расею, пагадзіліся на заяву, ухваленую па ініцыятыве Францыі і Нямеччыны. Гэта першая заява Рады Бясьпекі па Ўкраіне са студзеня 2017 году.
Паводле дадзеных Упраўленьня вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, колькасьць ахвяр сярод мірных жыхароў у выніку канфлікту перавысіла 2700 чалавек, яшчэ дзевяць тысяч атрымалі раненьні.
Паводле ацэнак, 1,6 мільёна чалавек сталі ўцекачамі ўнутры краіны, гэта самае масавае вымушанае перасяленьне ў Эўропе і адно сярод 10 найбуйнейшых у сьвеце.
Больш за паўмільёна мірных жыхароў жывуць у межах пяці кілямэтраў ад лініі кантакту працягласьцю 457 кілямэтраў. Гэтыя людзі пастаянна рызыкуюць трапіць пад абстрэлы.