Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд: дырэктару давалі хабар, каб не затрымліваў аплату паслуг


7 чэрвеня суд у Гомлі пакараў абмежаваньнем волі на чатыры гады ўжо былога дырэктара філіялу «Гомельскі аб’яднаны аўтавакзал» ААТ «Гомельаблаўтатранс» Ігара Барысенку.

Яго судзілі за хабар у 600 рублёў, атрыманы ад кансультанта прыватнай фірмы, якая займаецца тэхнічнай падтрымкай.

Хабар даваў, па вэрсіі абвінавачаньня, кансультант ААТ «БелКрыпт Софт» Уладзімір Нявераў. «БелКрыпт Софт» спэцыялізуецца на продажы і ўсталяваньні праграм 1С, а таксама распрацоўцы і тэхнічнай падтрымцы праграмнага забесьпячэньня. Прадпрыемства аказвала паслугі аўтавакзалу ў гэтай сфэры.

Міліцэйская вэрсія, падтрыманая сьледзтвам і абвінавачаньнем выглядала наступным чынам: дырэктар аўтавакзалу і кансультант фірмы дамовіліся, што Ігар Барысенка будзе атрымліваць па 100 рублёў штомесяц ад Уладзіміра Няверава — за своечасовую аплату паслуг прыватнага прадпрыемства.

Абвінавачаньне даводзіла, што са жніўня 2017 году па студзень 2018 кансультант перадаў дырэктару вакзалу 600 рублёў — чатыры разы па сто, адзін раз — 200. У выніку фірма ня мела праблемаў з затрымкай аплаты сваіх паслуг.

Іншыя прадпрыемствы, як прагучала на судзе, затрымлівалі аплату паслуг «БелКрыпт Софут» на тэрмін да трох гадоў.

Былы дырэктар вакзалу не прызнаў віны. Адмовіўся на судзе ад сваіх ранейшых прызнаньняў у перадачы хабару і кансультант фірмы. Тым ня менш, абодвух прызналі вінаватымі: дырэктару прысудзілі 4 гады «хіміі», кансультанту — штраф у 450 базавых велічыняў.

Барысенка будзе абскарджваць прысуд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG