Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чаму я ня ўцёк з ланцуга? А куды?» У Вілейцы судзяць рабаўладальніка-беларуса


Іпэшніка з райцэнтру абвінавачваюць у зьдзеках, выкраданьні чалавека і выкарыстаньні рабскай працы.

Уладзімеру Малафею 35 гадоў. Адукацыя сярэдняя, свой невялікі бізнэс у Вілейцы (пункты з вопраткай і абуткам), недабудаваны дом у суседняй з райцэнтрам вёсцы, яшчэ адна невялікая гаспадарка з курамі, сьвіньнямі і трусамі. Сям’я. Жонка Віка, 13-гадовы сын Арсень і 15-гадовая дачка Аліна.

Тавар для продажу ў роднай Вілейцы Малафей возіць з Масквы, па справах часта бывае ў Менску. Самому паўсюль не пасьпець, таму для працы на будоўлі дома і па гаспадарцы ён наймае мясцовых вясковых хлопцаў. Без дамовы, усё на даверы. Дзень працы — 10 рублёў. Ахвотных хапае, з працаўладкаваньнем у Вілейскім раёне няпроста. Асабліва калі любіш выпіць, а то і ўвогуле пайсьці ў запой на тыдзень-два.

У канцы студзеня дадому да Ўладзімера Малафея прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і забралі гаспадара з сабой. У аддзяленьні патлумачылі, што адзін з рабочых напісаў на яго заяву.

Суд па справе аб выкарыстаньні рабскай працы пачаўся ў Вілейцы 6 чэрвеня
Суд па справе аб выкарыстаньні рабскай працы пачаўся ў Вілейцы 6 чэрвеня

І цяпер Уладзімера падазраюць у выкраданьні чалавека і выкарыстаньні рабскай працы. Зьдзекі, зьбіцьцё і захоўваньне выбуховых рэчываў (дома ў Малафея знайшлі больш за паўкіляграма пораху) на дадатак.

«Выкраданьне чалавека з далейшым утрыманьнем»

Суд па справе Ўладзімера Малафея пачаўся ў Вілейцы 6 чэрвеня. Падтрымаць абвінавачанага прыйшлі жонка і бацька. Пацярпелых двое — Віталь Капецкі і Ільля Харэўка. Капецкі прыходзіць на працэс сам, сядае побач з бацькам абвінавачанага. Харэўка зьяўляецца ў залі ў суправаджэньні двух моцных хлопцаў у камуфляжы і чорных масках на тварах. Разам зь імі яшчэ адзін чалавек у цывільным. Ён не прадстаўляецца і прычыны такіх надзвычайных мераў не тлумачыць. Адно раіць зьвярнуцца да абласнога міліцэйскага кіраўніцтва (УУС Менаблвыканкаму абяцае пракамэнтаваць гэта толькі пасьля завяршэньня працэсу).

Абвінавачаны з канваірам. Ён папрасіў суддзю забараніць фотаздмкі ў залі паседжаньняў
Абвінавачаны з канваірам. Ён папрасіў суддзю забараніць фотаздмкі ў залі паседжаньняў

«2015 год, тры ўдары Капецкаму кулаком. Адзін удар нагой у ключыцу. Менш цяжкія цялесныя пашкоджаньні, — пачынае пракурор пералічваць меркаваныя злачынствы Малафея. — 2016 год, перамяшчэньне чалавека насуперак яго волі, прымусовая бясплатная праца, прымяненьне гвалту, суправаджэньне сваіх дзеяньняў катаваньнямі, утрыманьне чалавека ў хляве бязь ежы і піцьця. 2017 год, выкраданьне чалавека з далейшым утрыманьнем. 2017 год, сыстэматычнае прымяненьне гвалту, пагрозы зьнішчэньня маёмасьці. 2018 год, захоўваньне выбуховых рэчываў і боепрыпасаў».

Пералік меркаваных злачынстваў Малафея працягваецца хвілін 15, пасьля чаго судзьдзя просіць выказацца самога абвінавачанага і пацярпелых. Малафей сваю вэрсію паведамляць суду адмаўляецца. Пацярпелы Капецкі коратка заяўляе, што «ня мае доказаў віны абвінавачанага». Харэўка кажа, што ўжо ўсё расказаў сьледчаму і дадаць яму больш няма чаго.

Бацька Уладзімера Малафея Віктар
Бацька Уладзімера Малафея Віктар

«Гэта ўсё нейкая дурасьць»

Бацька Ўладзімера Малафея ў перапынку выходзіць пакурыць. Расказвае, што ня надта цікавіўся справамі сына. Ведаў, што той наймае людзей працаваць на будоўлі дома і ў гаспадарцы, але без асаблівых падрабязнасьцяў. Затрыманьне, арышт і тым больш абвінавачаньні ў выкраданьні чалавека і выкарыстаньні рабскай працы сталі для яго шокам. Віктар Малафей лічыць, што яго сына агаворваюць, каб атрымаць грошай.

«Я не разумею, як гэта ўсё магло здарыцца. Дурасьць нейкая, — кажа ён. — Гэта такі час цяпер настаў. Раней мужыкі паміж сабой разьбіраліся. А цяпер ледзь што якое, адразу ў міліцыю ідуць заяву пісаць. А потым сядзяць і грошай чакаюць».

Вёска Куранец, дзе, па вэрсіі сьледзтва, адбваліся апісаныя злачынствы
Вёска Куранец, дзе, па вэрсіі сьледзтва, адбваліся апісаныя злачынствы

Па вэрсіі Віктара Малафея, нехта ў абласным міліцэйскім кіраўніцтве быў вельмі зацікаўлены ў давядзеньні справы да суду і асуджэньні яго сына. Бацька абвінавачанага перакананы, што «ўсё гэта ідзе зьверху», бо «зь мясцовай міліцыяй у Вовы было ўсё ў парадку». У якасьці доказу сваёй вэрсіі расказвае пра сюжэт «Зоны Х» (крымінальная перадача на канале «Беларусь 1»), дзе затрыманьне ягонага сына прадставілі як «справу вілейскага рабаўладальніка».

Суседка абвінавачанага Малафея Валянціна (яе дом — побач з участкам, дзе, як сьцьвярджае сьледзтва, абвінавачаны гвалтоўна ўтрымліваў чалавека) кажа, што нават падумаць на яго нічога дрэннага не магла.

«Вітаўся заўсёды, нармальны хлопец, — кажа жанчына. — І дзеці яго віталіся са мной, гэта рэдка цяпер калі бывае, што дзеці выхаваныя. Я даўно Ўладзімера ведаю, як толькі яны дом гэты купілі. Чыста там у іх, акуратна. Прыходзілі нейкія людзі, але каб такое, то я не падумала б».

Адзін з пацярпелых, Віталь Капецкі
Адзін з пацярпелых, Віталь Капецкі

«Прашу крымінальную справу ў дачыненьні да Малафея спыніць»

Допыт пацярпелых пачынаецца пасьля невялікага перапынку. Адвакаткам Малафея не спадабалася, што ў залі прысутнічаюць людзі ў чорных масках, якія прывялі пацярпелага Ільлю Харэўку, і абаронцы падалі хадайніцтва аб выдаленьні іх з працэсу. «Яны аказваюць псыхалягічны ціск на пацярпелага, — кажа адна з адвакатак. — Хто гэта ўвогуле такія, чаму яны тут знаходзяцца? Калі нельга іх выдаліць, хай хаця б здымуць маскі, каб мы маглі бачыць іх твары». У выніку людзі ў форме і масках выходзяць з залі і чакаюць Харэўку на калідоры.

Першым пра свае адносіны з абвінавачаным расказвае пацярпелы Віталь Капецкі, які прыйшоў у суд адзін. Па вэрсіі сьледзтва, абвінавачаны ў 2015 годзе моцна зьбіў Капецкага, у выніку чаго той трапіў у шпіталь зь пераломам ключыцы.

«Я не лічу яго вінаватым, крымінальную справу ў дачыненьні да Малафея прашу спыніць, — адразу заяўляе Капецкі суду. — Працаваў у Малафея з 2015 году... Па гаспадарцы, на будоўлі, бярвеньні абчэсваў... Плаціў ён па 5–10 рублёў у дзень. Бывала так, што Малафей ня меў грошай, тады штосьці з вопраткі мне даваў... Я сам прыходзіў да яго, прасіў працу. У нас цяжка працу знайсьці».

Ільлю Харэўку (справа) на паседжаньне прыводзіць канвой у масках.
Ільлю Харэўку (справа) на паседжаньне прыводзіць канвой у масках.

Калі пракурор пачынае распытваць Капецкага пра акалічнасьці меркаванага зьбіцьця ў 2015, той кажа, што нічога такога не было.

«Я ў той дзень падпіты быў. З бадуна, але ня факт, што раніцай не апахмяліўся, — расказвае Капецкі. — Ня памятаю я дакладна. Як я мог працаваць у такім стане? Ды я ня надта і працаваў. Сьмецьце цягаў. А потым зваліўся зь лесьвіцы. Наверх хацеў далезьці, а лесьвіца паехала. Калі я ўпаў, да мяне Валодзя (абвінавачаны Ўладзімер Малафей. — РС) падышоў і пачаў сварыцца. Ну, мы і завяліся. Нанёс мне Валодзя пару ўдараў. Стукнуў рукой пару разоў, нагой. Але яны значэньня ня мелі. Ключыцу я зламаў, калі зваліўся зь лесьвіцы».

Пасьля гэтай заявы Капецкага пракурор просіць судзьдзю дазволіць зачытаць яго паказаньні, дадзеныя падчас сьледзтва ў 2015 годзе (узбуджаная тады справа аб меркаваным зьбіцьці была неўзабаве закрытая, Капецкі забраў заяву на Малафея зь міліцыі), а таксама зімой 2018-га. З дакумэнтаў вынікае, што пацярпелы Капецкі расказваў тады сьледчым зусім пра іншае. Пра тое, напрыклад, што ніякага падзеньня зь лесьвіцы не было. А траўмы, у выніку якіх ён месяц правёў у гіпсе, Капецкі атрымаў у выніку зьбіцьця Малафем.

«Ведаеце, я падчас усіх гэтых допытаў п’яны быў, — тлумачыць судзьдзі разыходжаньні ў сваіх паказаньнях сам Капецкі. — Так атрымлівалася, што калі па мяне прыяжджалі сьледчыя, я быў пастаянна п’яны. Я ўжо ня помню, што там гаварыў. Кожны раз так выходзіла, што я быў паддаты».

Дом у Куранцы, які належыць абвінавачанаму.
Дом у Куранцы, які належыць абвінавачанаму.

«Завёў у хлеў і пасадзіў на ланцуг. Там я правёў тры ночы»

Ільля Харэўка, якога ў залю суду прывялі людзі ў масках, мае 30 гадоў. Жыве разам з бацькам у вёсцы Куранец. Беспрацоўны, адукацыя сярэдняя спэцыяльная. З абвінавачаным Уладзімерам Малафеем пазнаёміўся ў 2014 годзе, калі прыйшоў да яго ўладкоўвацца на працу.

«Віталь (пацярпелы Капецкі. — РС) ня так расказвае, як было, — пачынае гаварыць Харэўка. — Я бачыў, як яны сварыліся тады, у 2015 годзе, на будаўніцтве дома Вовы (абвінавачанага Малафея. — РС). Бачыў, як Вова ўдарыў яго рукой. Віталь упаў на зямлю. Потым я бачыў, як Вова стаў нагой Віталю на плячо і ціснуў. Віталь ня падаў зь лесьвіцы. Потым я дапамог Віталю выцерці кроў з твару і галавы. Мы адвезьлі яго дадому».

Па словах Харэўкі, раніцай у дзень канфлікту яны езьдзілі да Капецкага дадому разам з Малафеем, пасьля чаго абвінавачаны вывеў Капецкага з дому і пасадзіў у машыну, павёз на свой участак працаваць. «Віталь быў пасьля папойкі, па твары было бачна, што ён не хацеў ехаць працаваць», — узгадвае Харэўка.

Пацярпелы Ільля Харэўка (зьлева).
Пацярпелы Ільля Харэўка (зьлева).

«З Малафеем я пазнаёміўся ў 2014 годзе. Я тады меў працу іншую, але запіў, прагуляў, і мяне звольнілі, — расказвае сваю гісторыю Ільля Харэўка. — Даведаўся, што Вова (абвінавачаны Малафей. — РС) бярэ людзей на працу. Пайшоў да яго, мне патрэбная была праца. У Вовы разьлік кожны дзень, харчаваньне, цыгарэты. Спачатку я бярвеньні абчэсваў, 3–4 бервяны ў дзень. Зарабляў каля 6 рублёў плюс абед. Потым Вова мне прапанаваў працаваць раніцамі ў яго на дачы. Там трэба было пакарміць курэй, сьвіней. Прыбрацца за імі. Дамовіліся на 10 рублёў у дзень. Спачатку ўсё было добра, праблемы пачаліся ў 2016 годзе».

Па словах Харэўкі, акрамя працы на будоўлі, абчэсваньня бярвёнаў і кармленьня жывёлы, ён таксама гнаў для Малафея самагонку. За што ў 2015 годзе нават быў аштрафаваны. Пацярпелы расказвае, што прэтэнзій у іхніх адносінах хапала з абодвух бакоў: «Бывала, што я спаў на працы. А ён калі заплаціць, калі не».

«У 2016 годзе здарыўся першы вялікі канфлікт з Вовам (абвінавачаным Малафеем. — РС), — узгадвае Харэўка. — Ня памятаю дакладна месяц, але было ўжо цёпла. Я ня выйшаў на працу, і Вова паехаў мяне шукаць. Я хаваўся ад Малафея, баяўся, што ён будзе мяне біць. Спачатку на гарышчы дома хаваўся, потым у лесе. Тры ці чатыры дні. А потым ён мяне знайшоў. Прыехаў дадому і знайшоў там. Вывеў да машыны, адчыніў багажнік. Я залез туды. Прыехалі ў Куранец (вёска, дзе знаходзіцца адзін з дамоў Малафея. — РС), на двары Вова мяне пачаў біць. Біў нечым гумовым. Затым завёў у хлеў, пасадзіў на ланцуг там. Чытаў натацыі. Пра пацука расказваць? Калі я сядзеў на ланцугу, побач пацук прабягаў. Вова яго заўважыў, забіў палкай, а кроў з палкі сказаў мне зьлізваць. Я адкрыў рот, тады Вова адхапіў палку з крывёй пацука».

Двор, дзе, паводле сьледзтва, адбваліся зьдзекі.
Двор, дзе, паводле сьледзтва, адбваліся зьдзекі.

Па словах Харэўкі, на ланцугу ў Малафеевым хляве ён праседзеў тры ночы. Ежы і піцьця абвінавачаны яму не пакідаў. Удзень вазіў працаваць у іншую вёску. За працу ў гэтыя дні не заплаціў. Дадому адпусьціў на чацьвёртую ноч.

«Потым у нас ужо нармальныя адносіны сталі. Я працягваў працаваць, — кажа Харэўка. — Да 2017 году, здаецца».

Чарговы канфлікт паміж пацярпелым і абвінавачаным адбыўся 1 студзеня 2017 году. Харэўка паехаў сустракаць Новы год да сяброў і ня выйшаў на працу раніцай. Малафей знайшоў яго і адвёз да сябе на ўчастак.

«Вова прыехаў, зьбіў мяне, пасадзіў у багажнік і прывёз у Куранец, — кажа Харэўка. — Чытаў натацыі, пагражаў на ланцуг пасадзіць. Але не пасадзіў у той раз».

Па словах Ільлі Харэўкі, эпізод з ланцугом паўтарыўся яшчэ раз, тады яму прыйшлося правесьці ў Малафеевым хляве адну ноч. Восеньню 2017 Харэўка ўцёк са сваёй вёскі ў Віцебск, дзе некалькі месяцаў бадзяўся, зьбіраў макулятуру. Вярнуўся дзякуючы выпадковаму чалавеку, які «проста на вуліцы падышоў і даў мне 20 рублёў». У Вілейцы пасьля размовы са знаёмым пайшоў у міліцыю і напісаў заяву.

«Я толькі аднаму чалавеку пра гэта расказаў. Ня буду казаць, хто гэта. Ён мне параіў зьвярнуцца ў міліцыю. Ні бацька, ніхто больш ня ведаў, — расказвае Ільля Харэўка. — У міліцыі мне сказалі, што калі я праўду кажу, то яны дапамогуць. А калі не, то лепш мне адразу заяву забраць. У Малафея я працаваў добраахвотна-прымусова. Я баяўся сысьці з участку, баяўся, што ён будзе мяне біць. За тыя дні, што я сядзеў на ланцугу, Вова мне не заплаціў. Гэта былі так званыя папраўчыя працы. Спачатку я думаў зьвярнуцца па дапамогу, але пасьля перадумаў. Вова пастаянна пераконваў мяне, што я алкаш, што я нікому не патрэбны. Што я нікчэмнасьць. З часам я і сам так пачаў думаць. Я баяўся яго. Вова казаў, што спаліць мяне разам з бацькам. Зачыніць нас дома і падпаліць будынак. Ці спрабаваў я вызваліцца ад ланцуга? А куды? Куды б я пайшоў? Калі б і змог уцячы, то мяне потым бы злавілі, і было б толькі горш. Я не пытаўся ў Вовы, ці будзе мне аплата за працу. Быў рады, што мяне адпускалі дадому. І ў міліцыю не зьвяртаўся. Вова казаў, каб я нікому не расказваў пра нашы адносіны... Я нават бацьку пра гэта не расказваў, было сорамна».

«Не крычаў, адпусьціць яго не прасіў»

У першы дзень суду абвінавачаны Ўладзімер Малафей адмовіўся расказаць пра сваю вэрсію падзей. Пракурор агучыў некаторыя яго паказаньні, дадзеныя падчас сьледзтва:

«Пацьвярджаю, што на маім прысядзібным участку працаваў Ільля Харэўка. За ежу, вопратку і грошы. Я ня згодны з тым, што ўтрымліваў яго на ланцугу на працягу 8 гадзін. Я ўтрымліваў яго на працягу 4 гадзін. Бо ён быў у неадэкватным стане, а я хацеў зь ім пагутарыць.

Наймаў людзей на будоўлю. На будоўлі сярод рабочых я трымаў дысцыпліну. Бывалі выпадкі, калі я ў мэтах прафіляктыкі даваў ім па карку. Але нікога не зьбіваў.

Ільля (Харэўка. — РС) карміў курэй, сьвіней, чысьціў хлявы. Зь вясны 2016 году ён пачаў выпіваць. Я шукаў яго. Выказваў у яго адрас прэтэнзіі. Мог даць па карку. Вазіў яго толькі ў салёне аўтамабіля.

Каб неяк правучыць яго (Харэўку — РС), каб ён неяк працьверазеў, я завёў яго ў хлеў, узяў ланцуг даўжынёй 2 мэтры і прыкаваў яго. Ільля нічога не гаварыў і не крычаў. Не прасіў мяне яго адпусьціць. Проста лёг і заснуў. Пасьля гэтага Ільля стаў нармальным, прыходзіў да мяне дадому і працаваў. Адзін раз гэта здарылася. Я плаціў яму па 10 рублёў за дзень.

Чаму я запрашаў на працу тых, хто мае праблемы з алькаголем? Першапачаткова я думаў, што такія людзі зьменяць сваё стаўленьне да алькаголю».

Працэс па справе Ўладзімера Малафея праходзіць у Вілейскім раённым судзе, яго абвінавачваюць адразу па пяці артыкулах Крымінальнага кодэксу. За выкарыстаньне рабскай працоўнай сілы Малафею пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі, за выкраданьне чалавека — да 7.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG