Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні знайшлі парэшткі расстраляных у турме КДБ, сярод іх — лідэр антысавецкіх партызанаў


Адольфаc Раманаўскас-Ванагас

Літоўскія археолягі знайшлі парэшткі Адольфаса Раманаўскаса-Ванагаса— камандзера партызанаў, якія ад 1944 змагаліся ў Літве з савецкай акупацыяй, паведамляе BNS.

Парэшткі былі знойдзеныя на закрытых Сіроцкіх могілках у віленскім раёне Антокаль. Іх сапраўднасьць пацьверджаная экспэртызай.

У часе раскопак на тэрыторыі могілак былі знойдзеныя парэшткі 27 чалавек, забітых у турме КДБ і Лукіскай турме.

Паводле Цэнтру дасьледаваньня генацыду і супраціву жыхароў Літвы, ад 1956 па 1969 гады ў Вільні было пакарана сьмерцю 206 чалавек. Зь іх 76 былі абвінавачаныя ў палітычных злачынствах.

Партызанская вайна ў Літве пачалася ў 1944 годзе пасьля акупацыі Савецкім Саюзам. Узброеная барацьба за аднаўленьне незалежнасьці ішла да 1953 году. Раманаўскас-Ванагас кіраваў партызанамі Дзукіі (рэгіён Літвы), у 1949 годзе разам зь іншымі партызанскімі камандзерамі падпісаў Дэклярацыю Літоўскага руху барацьбы за свабоду. Ён быў затрыманы ў 1956 годзе, катаваны савецкімі органамі бясьпекі, а ў 1957 пакараны сьмерцю.

У незалежнай Літве Раманаўскас-Ванагас быў узнагароджаны пасьмяротна.

Сэйм Літвы абвясьціў 2018 год годам Раманаўскаса-Ванагаса, якому налета споўнілася б сто гадоў.

Летась у Літве выбухнуў скандал у сувязі з выказваньнямі пісьменьніцы Руты Ванагайце, якая паставіла пад сумнеў заслугі камандзера антысавецкай партызанкі. У адказ выдавецтва, у якім дагэтуль выходзілі кнігі пісьменьніцы, зьняло іх з продажу і пусьціла на макулятуру. Пазьней Рута Ванагайце прызналася, што памылілася.

Пра што змаўчала Рута Ванагайце

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG