Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразійская эканамічная камісія лічыць неправамернай расейскую блякаду беларускага малака 


Беларускае малако пад забаронай у Расеі
Беларускае малако пад забаронай у Расеі

Міністар тэхнічнага рэгуляваньня Эўразійскай эканамічнай камісіі Валерый Карашкоў накіраваў ва ўрад Расеі запыт, у якім заявіў пра неабходнасьць адклікаць рашэньне Рассельгаснагляду пра беларускую малочную прадукцыю.

Дакумэнт адрасаваны першаму віцэ-прэм’еру ўраду Расеі Антону Сілуанаву, віцэ-прэм’еру Аляксею Гардзееву і міністру сельскай гаспадаркі Дзьмітрыю Патрушаву.

«У сувязі з указаньнем Рассельгаснагляду аб увядзеньні з 6 чэрвеня абмежаваньняў на пастаўку ў Расею малочнай прадукцыі, якая вырабляецца на тэрыторыі Беларусі, на паседжаньні калегіі ЭЭК 5 чэрвеня ўзьнятае пытаньне аб неправамернасьці падобных абмежаваньняў», — паведамляе БелТА.

Валерый Карашкоў лічыць, што ўвядзеньне абмежаваньняў парушае пункт 5 артыкулу 58 разьдзелу 11 дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе, згодна зь якім дзяржавы-чальцы маюць права ўводзіць часовыя вэтэрынарна-санітарныя меры толькі тады, калі існуе эпізаатычная пагроза.

Раней сытуацыю пракамэнтаваў сябра калегіі па прамысловасьці і аграпрамысловым комплексе Эўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Сідорскі. На яго думку, прынятае расейскім бокам рашэньне — гэта «меркаваньне аднаго-двух чалавек, якія ў Рассельгаснаглядзе праводзяць уласную палітыку».

У сваю чаргу міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Леанід Заяц назваў рашэньне Рассельгаснагляду «чарговым пратэкцыянісцкім крокам». На яго думку, ідзе банальнае выбіваньне з расейскага рынку беларускіх вытворцаў.

Міністар Заяц пра расейскую малочную блякаду: Нас выбіваюць з рынку

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG