Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чарнобыльскай зоне на тэрыторыі Ўкраіны вялікі пажар. Ці закрануў ён Беларусь?


Больш як паўсотні людзей і авіяцыя спрабуюць патушыць пажар, які пачаўся сёньня ў чарнобыльскай зоне Кіеўскай вобласьці з узгараньня сухой травы і распаўсюдзіўся на 10 гектараў ляснога масіву.

Як паведамілі Свабодзе ў Дзяржаўнай службе Ўкраіны ў пытаньнях надзвычайных сытуацый, пажар тужаць амаль 130 чалавек. Апрача адмыслоўцаў залучаныя і мясцовыя спэцыялісты, а таксама два самалёты АН-32П і верталёт Мі-8.

На дадзены момант пажарная авіяцыя скінула 80 тон вады, але пакуль пажар не ўдаецца лякалізаваць. На Чарнобыльскай АЭС Свабодзе сказалі, што радыяцыйны фон у норме (для гэтай тэрыторыі) і пагрозы ўзгараньня на прамысловай пляцоўцы станцыі няма.

Паводле відавочцаў, гарыць раён «Факела» — гэта стэла, за якой знаходзіцца вядомы «руды лес» — найбольш забруджаная ў зоне тэрыторыя.

Беларусь: «Вецер паўночны, радыяцыйны фон бязь зьменаў»

Дзяжурны эколяг Белгідрамету сказаў карэспандэнту Свабоды, што радыяцыйная абстаноўка на тэрыторыі Беларусі кантралюецца, «яна стабільная, перавышэньня магутнасьці мы не назіраем».

Прадстаўнік МНС Беларусі Віталь Навіцкі паведаміў нам, што «вецер строга паўночны і радыяцыйны фон без зьменаў».

«Вы можаце зайсьці на сайт Белгідрамету і ўбачыць, што ніякіх зьменаў няма. Калі няма, то да нас нічога не дайшло», — сказаў ён.

Паводле Навіцкага, у гэтым годзе не было пажараў у зоне адсяленьня і адчужэньня на тэрыторыі Беларусі.

«Разам з тым па ўсёй Гомельскай вобласьці ўведзена максымальная, пятая кляса пажарнай небясьпекі. І не толькі па Гомельскай вобласьці. Мясцовыя ўлады ўводзяць забароны на наведваньне лясоў і гэта добра адбіваецца на абстаноўцы», — сказаў Навіцкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG